У Палацы Незалежнасці адкрыўся першы ў найноўшай гісторыі нашай краіны рэспубліканскі навагодні баль

28 декабря 2018

Адраджэнне старажытных традыцый Беларусі. Пад гукі паланэза ў Палацы Незалежнасці адкрыўся першы ў найноўшай гісторыі нашай краіны рэспубліканскі навагодні баль. 

У гэтым унікальным мерапрыемстве ўзялі ўдзел амаль тры сотні маладых людзей. Большасць з іх старшакласнікі, якія дабіліся важкіх вынікаў не толькі ў вучобе, творчасці, спорце, але і ў навуковай, грамадскай дзейнасці. Тут жа лаўрэаты спецфонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. Сам Кіраўнік дзяржавы таксама ўзяў удзел у гэтым урачыстым вечары. Маладыя людзі павінны памятаць, што іх дом - гэта тое месца, дзе яны нарадзіліся, - з гэтымі словамі Прэзідэнт звярнуўся да ўсіх удзельнікаў урачыстасці.

Вядома, усе ўдзельнікі рыхтаваліся да такой маштабнай падзеі, выбіралі бальныя сукенкі, фракі, развучвалі танцавальныя па. Вялікая падрыхтоўка не прайшла дарма. Звычайна афіцыйны Палац Незалежнасці літаральна расцвёў разнастайнасцю маляўнічых убораў, вобразаў і ўсмешак. Беларускі лідар не толькі пагаварыў з прадстаўнікамі таленавітай моладзі, але і сам далучыўся да бальных традыцый - танцаваў у пары з "Міс Беларусь - 2018" Марыяй Васілевіч.

Атмасфера свята такая, як некалькі стагоддзяў таму. Жывы аркестр іграе творы Моцарта і Штрауса, арганізацыя - за распарадчыкам балю, у якога ў памочніках працуюць цырымоніймайстар і танцмайстры. Поўная карціна вялікага навагодняга балю зусім хутка ў "Панараме".