У Палацы Незалежнасці абмеркавалі развіццё рынку арэнднага жылля

11 июня 2020
Абмеркавалі ў Палацы Незалежнасці сёння развіццё рынку арэнднага жылля. Гэта, бясспрэчна, выйсце, калі свая кватэра пакуль не па кішэні. А таксама варыянт для тых, хто не гатовы плаціць за дарагую здыманую жылплошчу. Тэмпы будаўніцтва арэнднага жылля для бюджэтнікаў паскораць. Новыя падыходы замацавалі ў пастанове ўрада. Зараз на першачарговае атрыманне арэндных кватэр змогуць разлічваць у тым ліку ўрачы, настаўнікі, работнікі культуры. Ёсць, вядома, некаторыя ўмовы.

Усе нюансы - у рэпартажы Ілоны Красуцкай. У іншы горад з'язджаюць на вучобу, працу або ў сілу іншых прычын, і першараднае пытанне, якое хвалюе любога чалавека, - дзе жыць? Многія праходзілі чараду здыманых кватэр, пераездаў з месца на месца. Тэма актуальная, вядома, і для маладых спецыялістаў. І калі, зразумела, здымаць кватэру з першай зарплаты як у вір з галавой, то вось арэнднае жыллё - малады, але вельмі запатрабаваны трэнд у Беларусі.

Для Анастасіі Балоцькі гэта першы год у якасці настаўніка ў роднай школе ў Старых Дарогах. І хай па вышэйшую адукацыю паехала ў Мінск, у родны край вярнулася без ценю сумнення. За гады вучобы склалася свая сям'я. Дахаты вярталася ўжо ў статусе і маладой мамы, і маладога спецыяліста. Тут і пра сваё жыллё нядрэнна падумаць. Прапанавалі інтэрнат. Хай без гарантый на даўгачасны кут, але... А пасля, калі аб’явілі пра старт забудовы арэнднага жылля, здаецца, радасць была бязмежная. 


Хто прэтэндуе на арэнднае жыллё ў першую чаргу? 


Наогул атрымаць кватэру з дзяржаўнага жылфонду могуць усе грамадзяне з катэгорыі маючых патрэбу. Першачарговае права ёсць у суддзяў, маладых спецыялістаў, навукоўцаў, вайскоўцаў, выкладчыкаў ВНУ, трэнерскага складу. Зараз новая пастанова Саўміна дапоўніць гэты пералік. Размова аб медыках, настаўніках, творчых і работніках культуры. 


У 2020 годзе ў Беларусі пабудуюць 135 тыс. кв. м арэнднага жылля 


Больш за ўсё арэндных новабудоўляў сёлета з'явіцца ў Мінскай і Брэсцкай абласцях. У цэлым жа трэнд будаваць больш і асабліва ў рэгіёнах захоўваецца. Статус бюджэтніка не адзіная ўмова для атрымання арэндных метраў. Важна, каб быў кантракт на пяць гадоў, а таксама пацверджанне, што рэгіён сапраўды мае патрэбу ў такім спецыялісце. Апошнія звесткі гавораць, што сярод 49 000 работнікаў сацыяльнай сферы атрымаць арэнднае жыллё разлічваюць каля 5 000 чалавек. Дарэчы, плаціць за яго бюджэтнікі будуць менш. Тут спрацуе правіла паніжальнага каэфіцыента. 


Колькі будзе каштаваць арэнднае жыллё для бюджэтнікаў?


Паглядзім на выгаду ў лічбах. Кошт арэнднага жылля залежыць ад некалькіх фактараў: яго якасці і рэгіёна. У тым жа Мінску ў залежнасці ад раёна горада цэны на кватэры адрозніваюцца. Напрыклад, арэндная аднушка ў сталіцы без камуналкі каштуе ад 82 да 244 рублёў. З улікам паніжальных каэфіцыентаў (у кожным рэгіёне таксама яны будуць розныя) бюджэтнікам яна абыдзецца ў дыяпазоне ад 16 да 49 рублёў. У рэгіёнах цэны для работнікаў сацсферы будуць яшчэ ніжэйшыя: часам яны не дасягаюць і 10 рублёў. 


Арэнднае жыллё для бюджэтнікаў будуць будаваць актыўна


Словам, будаваць такое жыллё ў краіне будуць актыўна і паўсюдна, у тым ліку каля буйных прадпрыемстваў і вытворчасцяў. Па-першае, работнік будзе лепш выконваць свае абавязкі, ведаючы, што ў яго моцны тыл у выглядзе кватэры. Па-другое, калі нават і захоча змяніць працу, з'ехаць у іншы рэгіён, то будзе ўпэўнены, што і там забяспечаць жыллём.