Унук і поўны цёзка Фердынанда Рушчыца наведаў радзіму свайго знакамітага дзеда

14 августа 2017

Эксклюзіў "Панарамы". Унук і поўны цёзка Фердынанда Рушчыца наведаў радзіму свайго знакамітага дзеда. У вёсцы Багданава Валожынскага раёна нашчадак мастака плануе стварыць музей у гонар сусветна вядомага жывапісца. Таксама ў планах аднаўленне родавага гнязда Рушчыцаў, дзе і было напісана большасць шэдэўраў майстра, якога лічаць "сваім" не толькі ў Беларусі, але і Польшчы, Літве і нават Францыі.

Па месцах,якія натхнялі Фердынанда, разам з унукам мастака прайшла Іна Пілевіч.

Фердынанд Трэці крочыць сцежкамі Фердынанда Другога. Унук сусветна вядомага мастака Рушчыца, хаця і жыве ў Польшчы, з захапленнем водзіць экскурсіі па беларускіх маршрутах свайго знакамітага дзеда. Упэўнена канстатуе, з якога месца быў напісаны той ці іншы пейзаж. Так жывапісец завітваў у Вішнева да сяброў Храптовічаў. Разам хадзілі на святочную імшу ў касцёл.

Нашчадак пейзажыста, графіка і тэатральнага дэкаратара працягвае справу дзеда. Стаў мастацтвазнаўцам, доўгі час узначальваў Нацыянальны музей у Варшаве, цяпер кіруе фондам імя знакамітага продка. Ініцыюе стварэнне музея Рушчыца на яго радзіме ў вёсцы Багданава. Некалькі гадоў таму ў мясцовай дзіцячай школе мастацтваў была адкрыта тэматычная экспазіцыя.

Разам з унукам Рушчыца на Валожыншчыну прыехала і прадстаўнік польскага міністэрства культуры. Фіксуюць на камеру мясціны, звязаныя з лёсам легенды. Фотадакументы спатрэбяцца для распрацоўкі праекта месца памяці вучня Шышкіна і Куінджы. Ідэі будуць прадстаўлены на шырокі агляд ужо ў кастрычніку. Польскі бок гатовы падтрымаць праект фінансава, усё ж яны таксама лічаць Рушчыца сваім мастацкім класікам.

Пейзажы беларускай вёскі Багданава сёння на міжнародных аўкцыёнах ацэньваюцца ў сотні тысяч долараў. Большасць карцін Ф. Рушчыц напісаў менавіта ў родным мястэчку, але на дадзены момант у айчынных мастацкіх фондах захоўваецца адна работа майстра пад назвай «Ля касцёла», на ёй зафіксаваны вось гэты храм, які на той момант належаў сям'і Рушчыцаў.

Прывезці з замежных фондаў на радзіму палотны ўладальніка ордэна Ганаровага легіёна – мара Фердынанда Трэцяга. У 2020 спаўняецца 150 гадоў з дня нараджэння майстра. Баліць сэрца і за сямейную рэзідэнцыю, якая зараз больш паходзіць на раскіданае гняздо. Да нашага часу ад былой сядзібы засталіся рэшткі кароўніка, канюшні і ўязной алеі. Нашчадак марыць аднавіць пенаты, дзе нарадзіўся, жыў, пісаў і пайшоў з жыцця геній.

Пакуль Фердынанд Трэці адсутнічае, даглядаць радавое гняздо дапамагаюць мясцовыя жыхары. Праз пакаленні стасункі з Рушчыцамі не страчаны. Дачка сыравара і пакаёўкі, што працавалі ў заможнай сям'і, сочыць, каб на фамільных могілках, дзе спачываюць ажно тры пакаленні Рушчыцаў, цвілі кветкі.