Увага! Крохкі лёд!

9 марта 2015

Адзін рыбак загінуў, а другі з пераахаладжэннямі рознай ступені цяжкасці шпіталізаваны. Так скончылася рыбалка на Чыжоўскім вадасховішчы для двух аматараў падлёднага лову. У сувязі з гэтым ратавальнікі настойліва папярэджваюць: плюсавая тэмпература самая небяспечная для рыбалкі.

Юлія Токар працягне тэму. Плюсавая тэмпература паветра рыбакоў не хвалюе. І нягледзячы на тое што на многіх вадаёмах лёд ужо растаў, узяўшы вуды, яны адчайна ідуць на рызыку. Напярэдадні на Чыжоўскім вадасховішчы двое мужчын праваліліся пад лёд. Пра гэта ратавальнікам паведамілі відавочцы.

Аднаго з рыбакоў удалося выратаваць. Яго агледзелі медыкі і з дыягназам "пераахаладжэнне" шпіталізавалі. І гэта не адзіны выпадак. За гэтую зіму толькі мінчан выратавалі 16 чалавек. Але ў параўнанні з мінулым годам гэтая лічба знізілася.

Па словах ратавальнікаў, зараз лёд самы небяспечны – яго таўшчыня не дасягае 7 сантыметраў.

Калі тэмпература паветра на працягу трох дзён трымаецца каля нуля, таўшчыня лёду памяншаецца у сярэднім на 25%. І ўжо зараз ратавальнкіі настойліва рэкамендуюць не выходзіць на лёд.

Па прагнозах сіноптыкаў, па-вясенняму цёпла будзе да канца сакавіка. Не выключана, што, каб пазбегнуць ахвяр, Асвод разам з мясцовымі ўладамі афіцыйна забароняць выходзіць на лёд.