"Увага, дзеці!": комплексныя мерапрыемствы ДАІ стартавалі напярэдадні летніх канікул

25 мая 2022

Правілы дарожнага руху напярэдадні летніх канікул нагадае Дзяржаўтаінспекцыя. 

У Мінску сёння стартавала акцыя "Увага, дзеці!". Да 5 чэрвеня вадзіцелі абавязаны перамяшчацца толькі з уключаным блізкім святлом фар, у тым ліку і днём. На дарогах усім удзельнікам руху трэба быць максімальна ўважлівымі і асцярожнымі. 

Інтэрактыўныя ўрокі бяспекі

У рамках акцыі ДАІ Мінска праводзіць для школьнікаў і нясумныя ўрокі дарожнай граматы ў фармаце інтэрактыўных спектакляў. Свае веды сёння прадэманстравалі вучні гімназіі № 174. Перад летнім адпачынкам юныя пешаходы ўзгадалі,  як бяспечна перамяшчацца ў горадзе.

За 4 месяцы гэтага года ў ДТЗ трапілі 19 непаўналетніх. Як правіла, сумная статыстыка расце менавіта з надыходам цёплых летніх дзён. ДАІ раіць бацькам правесці з дзецьмі гутаркі і па магчымасці кантраляваць перамяшчэнне падчас прагулак.