Абараніць свае правы, грамадзянскія і вадзіцельскія, вось ужо месяц спрабуюць курсанты сталічнай аўташколы. З пачатку навучання прайшло ўжо пяць месяцаў замест заяўленых трох, але запаветнае пасведчанне вучні так і не атрымалі. Замест практыкі ваджэння юрыдычныя цяжбы. Бо, як нядаўна аказалася, заканчваць маладым людзям ужо няма чаго. Заснавальнік аб'явіў аб ліквідацыі. І вось пасля тыдняў чакання і папяровай цяганіны ў гэтай гісторыі, нарэшце, замігцела зялёнае святло. Рашэнне, няхай і частковае, прапанавалі ў Белтэхаглядзе. Але ці задаволіць яно ўсіх і якія яшчэ павароты чакаюць герояў, у матэрыяле Таццяны Кашпур.
Ці маглі курсанты сталічнай аўташколы прадбачыць, што ў найбліжэйшыя месяцы ім прыйдзецца трымаць у руках не руль, а стос афіцыйных папер? Стаць вадзіцелямі яны маглі яшчэ ў верасні. Але тэрміны зацягваліся, выкладчыкі звальняліся, а апошнія машыны прадаваліся з малатка.
Высветлілася, што першыя праблемы з'явіліся яшчэ вясной. З красавіка фірма не плаціла падаткі. Тым не менш у маі зноў набіраецца група. Напэўна, за кошт новых курсантаў планавалася разлічыцца з даўгамі. Але пазыковая яма ад такіх аперацый толькі стала яшчэ глыбей.
Разруліць сітуацыю ўзяліся ў Белтэхаглядзе. На плячах гэтай арганізацыі ляжыць нагляд за аўташколамі. Скаргі вучняў прывялі да няпланавай праверкі фірмы.
Міхаіл Свістун, намеснік начальніка УП Белтэхагляд: Мы на пачатку года праводзілі інспекцыйны кантроль, ніякіх прэтэнзій не было. Прайшло паўгода, і з-за непрафесійных дзеянняў школа развалілася. Зараз у аўташколы нічога не засталося.
Сертыфікат аўташколы прыйшлося адмяніць. Праўда, у кінутых у абдымкі невядомасці вучняў ёсць шанц атрымаць запаветныя правы. Давесці да канца навучанне курсантаў пагадзілася іншая аўташкола. Такі варыянт абыдзецца танней, але даплаціць усё-такі прыйдзецца.
Заснавальнік аўташколы на кантакт хаця і выходзіць, але каменціруе сітуацыю даволі стрымана. На ўсё адказ адзін: Працэс ідзе, пытанне вырашаецца. Дакладнасці не дадалі і афіцыйныя паперы, якія адпраўляе аўташкола: і людзі і адрасы ў іх далёка не заўсёды адпавядаюць рэчаіснасці. І гэта толькі пагаршае становішча фірмы, гавораць адвакаты. На іх думку, у пацярпелых ёсць шанцы вярнуць свае грошы.
Стаміўшыся ад абяцанняў і чаканняў, курсанты звярнуліся ў суд. Акрамя выплаты грошай, у іску прапісаная і маральная кампенсацыя. Са слоў вучняў, іх заява можа стаць не адзінай. Заснавальнік збіраецца падаваць сустрэчны іск. За паклёп.














