Замест камфартабельных нумароў - юрта на беразе Вілейскага вадасховішча

22 августа 2014
Такі адпачынак сёлета прывабіў больш за тры тысячы турыстаў. Альтанкі, душавыя кабіны, валейбольныя пляцоўкі і палявая лазня! Кемпінг у Вілейскім раёне пачаў сваё існаванне толькі ў гэтым сезоне, але ўжо зараз стаў папулярным месцам адпачынку. Марына Мураўёва ацаніла лясны ол-інклюзіў.

На дзевяці з паловай гектарах - 35 альтанак, юрты, душавыя кабіны і мангалы. Для аматараў актыўнага адпачынку - валейбольныя пляцоўкі. Тым, хто любіць паддаць пары - паходная лазня! Гэтак жа грэе і прыемны кошт.
Кемпінг ў Вілейскім раёне існуе першы сезон. Пачатак лета быў складаным, але зараз ахвотнікаў адпачыць на прыродзе шмат.
На сваім аўто з Расіі сям'я Мальцавых пабывала на многіх кемпінгах. Шукалі ўтульны лясны адпачынак на беразе ракі. І знайшлі - у Беларусі, на Вілейскім вадасховішчы. Арандавалі юрту, прыпаркавалі машыну паблізу і вось ужо некалькі дзён адпачываюць з трыма дзецьмі.
Пры ўездзе ў лагер - пост аховы. Зоны для паркавання спецыяльна абазначаны. Дровы ўваходзяць у агульны кошт. Такія ўмовы і з'яўляюцца дадатковым гарантам бесклапотнага адпачынку.
Гэты шлагбаўм падзяляе тэрыторыю кемпінга на дзве часткі: ціхую - для сямейнага адпачынку, і маладзёжную. Але нягледзячы нават на такі падзел, уся гучная музыка пасля 12 ночы павінна сціхаць.
На выхадныя сюды прыязджае аўтакрама з прадуктамі і рэчамі першай неабходнасці. У наступным сезоне сваю працу пачнуць не толькі пастаянныя пункты гандлю, але і міні-кафэ з гарачым харчаваннем.
Пасля завяршэння летняга сезона эстафету падхопіць сезон рыбалкі. Двухкіламетровая берагавая лінія кемпінга, па словах мясцовых рыбакоў, прыносіць добры ўлоў.