Замест антыбіётыкаў - збалансаванае харчаванне, асабістая гігіена і фізічныя нагрузкі

1 февраля 2017

Каб загартаваць уласны імунітэт у апошні зімні месяц, спецыялісты раяць прытрымлівацца простых правілаў. Замест антыбіётыкаў і фізіяпрацэдур - збалансаванае харчаванне, асабістая гігіена і фізічныя нагрузкі! Урачы рэкамендуюць ужываць вітаміны ў натуральным выглядзе з агароднінай і садавіной. Такому здароваму ладу жыцця дзяцей вучаць нават з ясельнага ўзросту. Урокі штодзённага загартоўвання - у Аляксандры Драгун.

Каралі са спецыфічным водарам і рэзкім пахам, здаецца, абавязковы аксесуар у гэтым дзіцячым садзе. Часночныя кулоны засцерагаюць малышоў не ад міфічных істот, а ад грыпу. Пякучая расліна валодае антыбактэрыяльнымі якасцямі і загартоўвае імунную сістэму.

Дарэчы, сёлета 60 працэнтам выхаванцаў у 115 дзіцячым садзе зрабілі прышчэпкі супраць грыпу. Акрамя гэтага, штодзень арганізмы малышоў узбагачаюць вітамінам С, у меню – абавязкова агародніна і садавіна.

Прафілактыка ўсіх захворванняў пачынаецца з уласнай гігіены. Бо менавіта праз брудныя рукі ў арганізм чалавека трапляюць вірусныя інфекцыі. Таму выхаванцаў дзіцячага сада з ясельнага ўзросту вучаць старанна мыць рукі перад ежай і пасля прагулак на вуліцы.

Пакуль дзеці на прагулцы, у гульнявых пакоях праводзяць скразныя праветрыванні. У штотыднёвым раскладзе - фізкультура, басейн і сонечныя ванны. Для насычэння арганізма дастаткова правесці ў інфрачырвонай саўне 15 хвілін пры 50 градусах.

Урачы раяць загадзя перасцерагацца ад вірусных захворванняў і грыпу. Найперш – праз вакцынацыю. А як дадатак - умацоўваць арганізм, але не медыцынскімі прэпаратамі, а, як кажуць, жывымі вітамінамі. Садавіной і агароднінай.

Ад травяной да гарбаты масала… У кафэ і рэстаранах горада карту напояў дапаўняюць сагравальнымі кафейнымі кактэйлямі і вітаміннымі гарбатамі.

Збалансаванае харчаванне, асабістая гігіена і фізічныя нагрузкі - тры простыя правілы, якія дапамогуць пазбегнуць хвароб у зімовы час, загартаваць арганізм да сезонных вірусаў і здаровымі сустрэць вясну.