Разам з Расіяй смуткуе Беларусь

26 декабря 2016

Да расійскага пасольства ў Мінску беларусы працягваюць несці кветкі. У памяць аб загінуўшых ля агароджы будынка гараць лампадкі і ляжаць вянкі. Словы смутку і спагады рускаму народу можна выказаць у кнізе спачуванняў, якая стала даступная з сённяшняй раніцы. У знак смутку ля будынка дыппрадстаўніцтва прыспушчаны дзяржаўны флаг Расіі.

Зрабіць запіс у кнізе спачуванняў прыбылі і вышэйшыя службовыя асобы Беларусі. Расійскае пасольства наведалі прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў, міністр замежных спраў Уладзімір Макей, прадстаўнікі міністэрстваў.

Уладзімір Макей, міністр замежных спраў Беларусі: "Для нас слова "братэрства", словы "нашы самыя блізкія браты і саюзнікі" - не пусты гук. Гэта ў нашага беларуса жыве ў сэрцы. І нам горка проста глядзець, што апошнім часам навалілася чарада нейкіх бед, няшчасцяў, смярцей на нашых суседзяў. Мы шчыра суперажываем гэтаму".

Пакінуць словы падтрымкі ў кнізе спачуванняў можна было сёння, а таксама заўтра  з 10:00 да 13:00 і з 14:00 да 17:00 вечара.