Уладзіміру Шаліхіну сёння споўнілася б 85

21 января 2015

Кансерваторская адукацыя і асабістая харызма дапамаглі яму стаць легендарным канферансье, які правёў не адну сотню філарманічных канцэртаў. А ўнікальны голас і ўменне працаваць з інфармацыяй прывялі на тэлебачанне, дзе ён стаў адным з першых вядучых "Навін" і "Панарамы". Дыктару беларускага тэлебачання і музыкальнаму каментатару Уладзіміру Шаліхіну сёння споўнілася б 85.

Больш за ўсё пра Уладзіміра Шаліхіна ведаюць і часцей за ўсіх узгадваюць менавіта тут, на Макаёнка,9 - па адрасе, па якім дыктар беларускага тэлебачання штодзень на працягу дзясяткаў гадоў спяшаўся на працу. Уладальнік шчаслівай знешнасці, якую любіла камера, і голаса, які ідэальна клаўся на плёнку, ён вёў музычныя праграмы, таксама быў спартыўным каментатарам, распрацаваў цыкл праектаў для дзяцей. Кумір пакаленняў і слухачоў, і гледачоў, і саміх тэлевізіёншчыкаў.

З 1956 года ён на радыё і тэлебачанні, а вось ў цэнтральную студыю інфармацыйнага вяшчання на Макаёнка Шаліхін упершыню ўвайшоў у 70-ых. Запрошаны ў групу дыктараў саракагадовы мужчына стаў тварам адразу дзвюх галоўных праграм краіны - "Навіны" і "Панарама".

Не проста дыктар - Шаліхін паклаў пачатак новай тэлевізійнай прафесіі - вядучы. Праз эфір ён не толькі інфармаваў - каменціраваў, умеў выклікаць суразмоўцу на дыялог і нават сыграць на раялі.

"Камертон" і "Музыка ад "А" да "Я" - тэлепраекты, якія вылучаў і любіў сам Шаліхін. Музыкант з дыпломам кансерваторыі большасць прадстаўнікоў творчай эліты ведаў асабіста, з многімі сябраваў і нават перапісваўся.

Ларыса Александроўская, Алена Абразцова, Марыя Калас і Мансерат Кабалье - з легендамі ён дзяліў адну сцэну. Шаліхін - філарманічны канферанс. У галоўнай акадэмічнай зале Беларусі Уладзімір Аляксеевіч правеў больш за дзесяць тысяч канцэртаў і творчых вечароў, самыя яркія моманты якіх унёс ва ўласную кнігу ўспамінаў пад назвай "Сэрца памятае".