Уладзіміра Дворніка і Анатоля Хацько афіцыйна прадставілі ва ўрадзе

9 апреля 2019

Віцэ-прэм'ер Уладзімір Дворнік, які будзе курыраваць сельскую гаспадарку, сёння афіцыйна пачаў выконваць свае абавязкі. Прэм'ер-міністр Сяргей Румас прадставіў яго Савету Міністраў на пасяджэнні прэзідыума. Ва ўрадзе Уладзімір Дворнік будзе адказваць за развіццё лясной і прыродаахоўнай гаспадаркі, працаваць у цесным звязку з канцэрнам "Белдзяржхарчпрам", Белкаапсаюзам і Дзяржкаммаёмасці ў частцы зямельных адносін. Таксама сёння калегам прадставілі і новага Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Анатоля Хацько. Для іх гэта першы прэзідыум,  на якім сёння разглядалі лепшыя гаспадаркі і кампаніі, а таксама вобласці, вартыя Рэспубліканскай дошкі пашаны. Усяго 59 прэтэндэнтаў ад розных галін, якія ганарацца вынікамі сваёй працы за мінулы год. Гэта лепшыя прадпрыемствы і кампаніі краіны як дзяржаўнай, так і прыватнай формы ўласнасці. Сярод рэгіёнаў пераможцамі прапаноўваецца прызнаць Мінск, Гродзенскую і Мінскую вобласці. Упершыню на дошку пашаны прэтэндуюць і дзве арганізацыі са сферы сацыяльнага абслугоўвання.

Аляксандр Чарвякоў, першы намеснік міністра эканомікі Беларусі: "Кожная арганізацыя магла і, пачынаючы з 2019 года, мае права падаць па месцы рэгістрацыі ў выканкам аб удзеле ў гэтым мерапрыемстве. Другое: у нас з'явіліся новыя групы арганізацый, гэта арганізацыі сацыяльнай сферы, якія займаюцца падтрымкай уразлівых пластоў насельніцтва. Такіх арганізацый у нас у рэспубліцы больш за 200. Сёння яны якраз удзельнічаюць у конкурсе. І трэцяе - тое, што мы аб'ядналі дзве намінацыі - намінацыя за дасягненне сацыяльна-эканамічнага развіцця і эканомію рэcурсаў. Таму разглядаем як адну намінацыю".

Сёлета новая дата адкрыцця Рэспубліканскай дошкі пашаны - першае мая, прымеркаваная да свята працы. А таксама ёсць змяненні і ў падачы заяўкі на адбор: зараз адна і тая ж кампанія і арганізацыя не могуць прэтэндаваць на дошку два гады запар. Гэта прапісана ва Указе Прэзідэнта "Аб занясенні на Рэспубліканскую дошку пашаны пераможцаў спаборніцтва за 2018 год".