Уладальнікі сабак б’юць трывогу

3 апреля 2015

Уладальнікі сабак б’юць трывогу – адпаведнай інфраструктуры ў горадзе недастаткова. На 11 тысяч зарэгістраваных сабак у горадзе ўсяго 40 пляцовак для выгулу. І ўсе яны размяшчаюцца ў спальных раёнах. Выйсці на прагулку з сабакам у цэнтр не толькі складана – часта забаронена. Надзея Сербіненка выслухала мінскіх сабакаводаў.

На праменад са сваімі сабакамі Наталля і Таццяна выходзяць кожны дзень. У цэнтры Мінска – каля Палаца спорту – іх ірландскія ваўкадавы адчуваюць сябе вальготна. Вось толькі жанчыны заклапочаныя: пагуляць у цэнтры горада з вялікім сабакам – няпроста. Параўноўваць ёсць з чым: у Нарвегіі, Чэхіі, Ірландыі, Германіі да хатніх жывёл даўно ставяцца, як да людзей – у кафэ іх не проста пускаюць, але і падаюць міску з вадой, а ў любым скверы ў вольным доступе – поліэтыленавыя пакеты і спецыяльныя скрыні для збору адходаў.

Сярод прапаноў уладальнікаў сабак – ўладкоўваць пляцоўкі для выгулу не толькі ў спальных раёнах, але і ў цэнтры. А згодна з правіламі ўтрымання хатніх жывёл, выгульваць іх можна толькі ў месцах, адведзеных мясцовымі выканаўчымі органамі. І па пэўных правілах.

Усе уладальнікі сабак, якія жывуць у гарадской мяжы, павінны выконваць шэраг правілаў і патрабаванняў. Так, усе сабакі павінны быць на павадку, а вось наморднік прадугледжаны для сабак вышэй за 25 см у карку.

Але ж пляцовак для выгулу не хапае – у Мінску іх ўсяго 41. Так, на ўвесь Маскоўскі раён - адзін з самых вялікіх і густанаселеных – ўладкаваных пляцовак ўсяго дзве.

У заводчыкаў вялікіх сабак ёсць яшчэ адно пытанне: многія пляцоўкі непрыдатныя для трэніровак жывёл. Больш за тое, бліжэйшая зона для выгулу ад дома Наталлі Лютарэвіч знаходзіцца за 10 кіламетраў, свайго сабаку яна туды ніколі не прывозіць.

У планах на бліжэйшы год у гарадскіх уладаў няма ні стварэння новых пляцовак, ні пашырэння старых. Гэтай вясной абсталяванне для трэніровак хатніх жывёл толькі адрамантуюць.