Мінск сёння 5-ы раз пацвердзіў званне веласіпеднай сталіцы

18 мая 2019

Каля 20 тысяч аматараў двухколавага транспарту прынялі ўдзел у велакарнавале "Viva Ровар!". Яны пракаціліся па адным з галоўных праспектаў горада. Пасля 10-кіламетровай дыстанцыі ўсіх чакала яркае свята ў парку Перамогі. Канцэрт, забаўкі на любы густ і ўзрост і каштоўныя прызы. Наш карэспандэнт Сяргей Казловіч, хоць і без веласіпеда, але з галавой  акунуўся ў атмасферу фестывалю. 

Менавіта такая цікавасць да велапрагулак і сабрала тысячы ў адным месцы. У парку Перамогі месца пешаходам зусім не засталося. Затое можна было паказаць свой касцюм, падрамантаваць веласіпед і нават сустрэць неабыякавых да веласпорту зорак. 

А іх сабралася сапраўды шмат. Калона расцягнулася больш чым на кіламетр. Адчуць сябе датычным да такой маштабнай падзеі пажадалі каля 20 тысяч чалавек. 

У гэтай веласіпеднай эйфарыі галоўнае памятаць аб бяспецы. Правіл няшмат, і яны простыя. Абавязкова перад стартам праверыць свой веласіпед. Не глядзець на кола наперадзе таго, хто едзе, таму што можа зацягнуць. І калі нешта раптам здарыцца на трасе, паднімаць руку. Валанцёры, якія сочаць за парадкам, абавязкова дапамогуць!

Як на сапраўдным карнавале - пёры і персанажы на хадулях. Але гэта толькі перад стартам. Яшчэ імгненне - і ўвесь праспект Пераможцаў становіцца вялікай веладарожкай. 

Анастасія Янчэўская, дырэктар Мінскага веласіпеднага таварыства: "Гэта ўжо не проста адзін велакарнавал, а ўжо цэлы веласіпедны тыдзень. Мы пачалі са спартыўных мерапрыемстваў. У нас прайшлі гонкі - Кубак Мінска і Гран-пры Мінска. Мы адабралі "Веламіс" - самых прыгожых дзяўчын. І падышлі да велакарнавалу. Пры гэтым зараз нашы спартсмены спаборнічаюць на трэку. І мы хварэем за іх тут!".

Адно з новаўвядзенняў свята - карпаратыўныя каманды. Арганізатары запрашаюць удзельнічаць у веласіпедным жыцці горада цэлымі кампаніямі. Чым не тымбілдынг - пакруціць педалі дзясятак кіламетраў. 

Гэта ўжо пяты велафестываль. І хутка ён перастане быць адзіным. Ужо ў пачатку лета рыхтуецца маштабны двухдзённы велапікнік недалёка ад Мінска. Так што, яшчэ не позна знайсці сваіх веламанаў-аднадумцаў!