Віцэ-прэм'ер Ігар Петрышэнка дэталёва на месцы азнаёміўся з працай медыкаў

17 апреля 2020
Ігар Петрышэнка, намеснік прэм'ер-міністра Беларусі: "Гэта такі стымулюючы элемент, гэта клопат, гэта падыход дзяржавы, што ўрачоў у складаную хвіліну таксама падтрымліваюць. Мы бачым іх самаадданую працу. Сапраўды, ніхто не завагаўся, ніхто не пайшоў у водпуск, ніхто не напісаў заяву. Гэта значыць, усе на сваіх рабочых месцах. І тыя элементы, якія часам укідваюцца ў прэсу, што, быццам, тут павальна ўсе хварэюць, усе заявы напісалі, абсалютна не пацвярджаюцца, гэта не адпавядае рэчаіснасці. Людзі ўсвядомлена, матывавана здзяйсняюць, не лічачыся са сваім асабістым часам. І дух такі менавіта медыцынскага братэрства ў нашай краіне вельмі развіты, і ён дапамагае, і мы пераадолеем гэтыя ўсе элементы, звязаныя з інфекцыйнымі захворваннямі".

Сёння віцэ-прэм'ер дэталёва на месцы азнаёміўся з працай медыкаў: Ігар Петрышэнка пабываў у РНПЦ эпідэміялогіі і мікробіялогіі. Толькі тут штосутачна робяць ад тысячы да 1,5 тысячы тэстаў на COVID-19. Усяго за 3 няпоўныя месяцы тут правялі ўжо больш як 35 тысяч даследаванняў. Таксама сёння Ігар Петрышэнка наведаў і 11-ю падстанцыю хуткай медыцынскай дапамогі, дзе ўпэўніўся ў бяспецы ўмоў для выязных брыгад медыкаў.