Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны - 95

9 ноября 2019
За гэты час тут падрыхтавана 40 тысяч спецыялістаў медыцынскага і сельскагаспадарчага профілю. Выпускнікі працуюць не толькі на прадпрыемствах нашай краіны. Узбекістан, Ліван, Ізраіль - разам з беларускімі студэнтамі вучацца і замежныя. Усяго прадстаўнікі 15 краін. Пра дзень нараджэння адной з найстарэйшых навучальных устаноў Беларусі - Марына Раманоўская

Гісторыя Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны пачалася ў лістападзе 1924 года. У першым наборы - усяго сотня студэнтаў. Выкладчыкаў - 11 чалавек. 

Акадэмія сёння - гэта чатыры факультэты, дзе вучацца больш за 4 тысячы студэнтаў. 

За 95 гадоў акадэмія падрыхтавала 40 тысяч спецыялістаў. Выпускнікі працуюць у гаспадарках, на перапрацоўчых прадпрыемствах, у лабараторыях па ўсёй краіне. Разам з беларускімі студэнтамі тут вучацца прадстаўнікі 15 краін свету. 

Мікіта Абіратка - будучы ўрач ветэрынарнай медыцыны. Родам з сельскай мясцовасці, дома ёсць падворак. Так што, і да дробнай, і да буйной жывёлы ўмее знайсці падыход. А гэта, кажа, вельмі важна для кожнага ветурача.

Акадэмічны гарадок аб'ядноўвае навучальныя карпусы, лабараторыі, бібліятэкі, інтэрнаты і спартыўныя пляцоўкі. У распараджэнні студэнтаў і сучасныя клінікі. За год тут праходзяць лячэнне больш за 3 тысячы самых разнастайных жывёл. Паміж лекцыямі і семінарамі ёсць час і для навукі.

Хваробы жывёл, вірусалогія, бактэрыялогія. Атрыманыя ў сценах Акадэміі веды будучыя спецыялісты АПК замацоўваюць на вытворчасці. Менавіта падчас практыкі адчуваецца ўся адказнасць прафесіі.

Да святочнай даты прымеркавалі мноства мерапрыемстваў. Міжнародныя навукова-практычныя канферэнцыі, выставы, майстар-класы па выкарыстанні сучаснага абсталявання. Дзень нараджэння адной з найстарэйшых ВНУ Беларусі аб'яднаў студэнтаў, выкладчыкаў і выпускнікоў, якія і праз дзесяцігоддзі памятаюць пра свае лепшыя студэнцкія гады.