Віцебскі блогер ведае, як стаць папулярным на YouTube

2 июня 2018

Тысячы падпісчыкаў у максімальна кароткі тэрмін. Віцебскі блогер ведае, як стаць папулярным на YouTube. Інтэрнэт-вядомасць прыйшла да Аляксандра Яцука дзякуючы пазнавальным відэаролікам з рэальнага жыцця. Напрыклад, як зрабіць сучасную акустычную сістэму са старой калонкі? Мая калега Марына Раманоўская назірала за працэсам.

Аляксандр здымае свае відэаролікі ў імправізаванай майстэрні. І, здаецца, на спецыяльных станках майстар можа зрабіць што захоча. Дарэчы, Аляксандр мае будаўнічую спецыяльнасць, таму ў сваіх роліках дае толькі прафесійныя парады. Падрабязна - у сюжэце.

Аляксандр Яцук спрытна спраўляецца спачатку з камерай, а пасля і са станком. Здымачны працэс праходзіць у імправізаванай майстэрні. Дарэчы, відэамайстар-клас - як у звычайным гаражы абсталяваць паўнавартаснае працоўнае месца - таксама на канале віцебскага блогера. Карысныя ролікі, а іх Аляксандр Яцук зняў некалькі дзясяткаў, набіраюць мільёны праглядаў.

На канал відэаблогера падпісана больш за 100 тысяч чалавек. Аляксандр кажа, сярэбраная кнопка ад YouTube амаль у руках. Пачыналася папулярнасць з зусім простага роліка. У Аляксандра яшчэ не было прафесійнай камеры. Прыйшлося фатаграфаваць на тэлефон і рабіць слайд-шоу. Ролік набраў прыблізна 10 тысяч праглядаў. Захацелася больш.

Аляксандр вызначыўся з кантэнтам. Хлопцу захацелася расказаць віртуальным сябрам тое, што выдатна атрымліваецца у рэальным жыцці.

На здымкі аднаго роліка блогеру патрэбна прыкладна тыдзень. Пасля мантаж. І гэта, кажа, самае складанае - са шматгадзіннага відэа трэба зрабіць кампактны ролік. Ён павінен быць не толькі пазнавальным для падпісчыкаў, але і зразумелым. А каб відэа атрымалася больш дынамічным, Аляксанд выкарыстоўвае розныя спецэфекты.

Аляксандр марыць зняць серыю відэаролікаў на тэму здаровага ладу жыцця і падарожжаў. Кажа, лета натхняе стварыць штосьці прыгожае. А лепшай адзнакай за крэатыў, як заўжды, стануць шчырыя водгукі падпісчыкаў.