Віцебск працягвае адзначаць галоўнае дзяржаўнае свята

3 Ліпеня 2015

Свята сёння адзначаюць не толькі ў абласных цэнтрах, але і ў малых гарадах. Асноўныя мерапрыемствы Віцебскай вобласці прайшлі, вядома ж, у паўночнай сталіцы рэспублікі, але і ў іншых кутках рэгіёна сёння было шматлюдна і святочна.

Падрабязнасці ў нашага карэспандэнта Вольгі Маслоўскай. Віцебск працягвае адзначаць галоўнае дзяржаўнае свята. У гэтыя хвіліны на сцэне Летняга амфітэатра ідзе канцэрт з удзелам лепшых творчых калектываў вобласці, спецыяльны госць – расійскі спявак Вячаслаў Малежык.

Старт урачыстасцям дало маштабнае свята на плошчы Перамогі. Маршам ля манумента воінам-вызваліцелям прайшлі парадныя разлікі войскаў Віцебскага гарнізона. Дух захоплівала ў час паказальных выступленняў парашутыстаў і ваеннаслужачых 103-й мабільнай брыгады. Фарсіраванне Заходняй Дзвіны, захоп лагера ўмоўнага праціўніка – па ўсім бачна: ваенную навуку віцебскія дэсантнікі асвоілі на выдатна.

Святочны настрой і ў рэгіёнах. У кожным раёне пастараліся зрабіць жыхарам падарунак. У Лёзне імёны 20 знакамітых землякоў увекавечылі на Алеі Славы. Сярод іх пяць Герояў Савецкага Саюза, тры поўныя кавалеры ордэна Славы, адзінаццаць Герояў Сацыялістычнай працы.

Алея Славы расцягнулася на 70 метраў. Каля стэл высаджаныя дрэвы. І ўжо праз некалькі гадоў вясной тут распусцяцца беласнежныя кветкі яблынь.

Знакавая падзея і ў Сянно. Тут адкрылі памятны знак у гонар Матроны Маркевіч. Менавіта яна ў 1917 годзе вышыла ўзор на ручніку, які зараз і з’яўляецца арнаментам дзяржаўнага флага Беларусі.