Вілейскі край прапануе нетыповыя турыстычныя маршруты

5 июля 2021

Новыя, нетыповыя турыстычныя маршруты прапануе Вілейскі край - адзін з самых маляўнічых у цэнтральным рэгіёне.  

На карце не толькі гісторыка-архітэктурныя каштоўнасці: храмы, сядзібы, вандроўкі з паметкай эка (землі тут адны з самых экалагічна чыстых). Мясцовая адметнасць - падвесныя масты. Вілейскія славутасці ў сюжэце Ларысы Гулякевіч.

Маёнтак Ганута (зараз вёска Ручыца) з 1501 года быў прыватнасцю князёў Гальшанскіх, потым стаў фамільнай маёмасцю роду Агінскіх. Менавіта тут у сярэдзіне XVIII стагоддзя пабудаваў сабе летнюю рэзідэнцыю Тадэвуш Агінскі.

Як выглядала пабудова з адметнай архітэктурай у стылі позняга барока з элементамі ракако, сведчаць дакументальныя фотаздымкі і акварэлі Напалеона Орды. Сюды прыязджалі знатныя госці на балі ды канцэрты.

Вілейская зямля мае шэраг паданняў, звязаных з Міхалам Клеафасам Агінскім - вядомым дыпламатам, кампазітарам. Мясцовыя навукоўцы лічаць, што яго самы знакаміты паланэз "Развітанне з Радзімай" быў напісаны менавіта тут.

Надзея Аўдзей, дырэктар Вілейскага краязнаўчага музея: "Але ёсць паданне аб тым, што тут ёсць кароткі шлях 10 км, які злучае нашу Гануту і Залессе. Ёсць паданне, што калі Міхал Клеафас Агінскі ішоў пешшу з аднаго свайго ўладання ў другое, у яго галаве і нарадзіўся гэты паланэз "Развітанне з Радзімай". Таму што гэта былі апошнія часіны, калі ён знаходзіўся тут, а потым паехаў з тэрыторыі Беларусі".

Відавочцы былой велічы - дзве капліцы, паркавыя сажалкі і царква, пабудаваная ў 1881 годзе. Яна дзейнічае і дагэтуль. У часы Тадэвуша Агінскага тут быў драўляны касцёл. Ёсць і іншыя адметнасці гэтага краю.

Славутасць Вілейскага краю - падвесныя масты. Зроблены звычайнымі архітэктарамі - мясцовымі жыхарамі. На сённяшні дзень гэта цікавы аб'ект для турыстаў, а для жыхароў навакольных вёсак - вымушаная неабходнасць.

Самаробныя падвесныя масты тут будаваліся для зручнасці пераходу цераз Вілію і Нарачанку. Рэчкі з характарам. Зараз любімы турыстычны маршрут для сплаву на байдарках.

Вера Гержатовіч, жыхарка в. Ручыца, дэпутат Нарачанскага сельсавета, сацыяльны работнік: "Раней жа не было тут мастоў, была рэчка і перапраўляліся людзі раней на лодках (чайкі, лодкі, як звалі пярвей). І дзеці ў школу хадзілі, на гэты бок з Красніцы ў Ручыцы пераязджалі. Потым у пачатку 90-х гадоў пабудавалі. І ў храм каб схадзілі. Мост патрэбен у грыбы, ягады хадзіць, рамантуем".

Славутасці Вілейскага краю прывабліваюць не толькі турыстаў. Мастакі і пісьменнікі натхняюцца жывапіснымі краявідамі, гістарычнай спадчынай і энергетыкай мінулых часоў.