Ад лазовых прадметаў інтэр’еру да інсталяцый з гародніны і садавіны. Народныя ўмельцы з Каловіцкага дома майстроў рыхтуюцца да абласных “Дажынак”. Сёлета Вілейскі раён прымае свята новага ўраджаю. 14 лістапада тут збяруцца лідары жніва і госці з кожнага раёна Мінскай вобласці. Каб свята атрымалася шчодрым і багатым на падарункі, майстрыхі сёння працуюць над фірменнымі сувенірамі. Аляксандра Драгун узяла майстар-клас.
Больш за 2 дзесяцігоддзі таму гэта была звычайная сялянская хата… Сёння ў памяшканнях працуюць народныя ўмельцы. Сваё рамяство перадаюць з пакалення ў пакаленне, таму ў калектыве шмат майстроў, звязаных не толькі адзінай мэтай - кроўнымі сувязямі. На ўсю краіну майстрыхі з вёскі Каловічы славяцца сваімі вырабамі з лазы.
Вазы, падносы, хлебніцы і нават сталы з крэсламі з тонкіх пруткоў - ствараюць кухонныя рэчы і прадметы інтэр’еру. А гэтыя аднолькавыя кошыкі, быццам іх выпусцілі з канвеера, але усё зроблена ўручную. Колер іх залежыць ад віду лазы. На выбар майстрых амаль 70 сартоў.
У доме майстроў ёсць зала, дзе аб’ядналі ў экспазіцыю прадметы народнага побыту з гэтай мясцовасці. Напрыклад, гэта - прас-жалязяка. Ім продкі карысталіся каля 300 гадоў таму. Награвалі яго ад печкі, а пасля прасавалі. У гэтай частцы памяшкання - выключна вырабы з лазы. У тым ліку і яны ўпрыгожаць выставу на абласных “Дажынках” у Вілейцы.
Векавыя гладышыкі, вясельныя ўборы прадзедаў і вышыўкі 1957 года. У калекцыі - экспанаты з сямейнага архіва Марыі Бурко. Яе ж асабістыя працы ў доме майстроў убачыць складана - калясяць па раённых і абласных выставах. Сёння майстрыха прапаноўвае арыгінальны абутак для лазні - лапці з лыку.
Сафія Гулецкая памятае той час, калі ткацкі станок быў не музейным экспанатам, а неабходнай рэччу ў хатнім інтэр’еры. За два дні магла саткаць палатно шырынёй і даўжынёй з ложак.
Творчасцю займаюць дзяцей, што жывуць у вёсцы ці прыязджаюць на канікулы да бабуль. Напрыклад, вучаць іх рабіць шпакоўні.
Творчы натхняльнік калектыву - Вольга Субач. У звычайным яна бачыць ідэі для будучых вырабаў. Каб падчас рамонту стары газавы балон не псаваў выгляд, гаспадыня замаскіравала яго ў дзяўчыну - апранула хустку і спадніцу. Гэта і стала штуршком для пашыву вось гэтых лялек, якія ўпрыгожаць выставу на “Дажынках”.
Сёлета Вілейка прымае абласное свята “Дажынак”. 14 лістапада ў раён з’едуцца лепшыя хлебаробы цэнтральнага рэгіёна і паважаныя госці. Каб іх годна сустрэць, народныя ўмельцы і музыканты рыхтуюцца загадзя.













