Вікторыі Азаранцы - 30 гадоў. Віншуюць Вікторыю і прыхільнікі па ўсім свеце

31 июля 2019

Вось каго сапраўды ўжо можна павіншаваць, дык гэта нашу тэнісістку. Вікторыя Азаранка сёння адзначае юбілей - 30 гадоў. За час кар'еры беларуска стала алімпійскай чэмпіёнкай у міксце з Максімам Мірным і бронзавым прызёрам у адзіночным разрадзе Гульняў у Лондане. Двойчы Вікторыя перамагала на турнірах серыі Вялікага шлема. На яе рахунку выйгрышы ў 28 турнірах ВТА. Вось і свой дзень нараджэння экс-першая ракетка свету адсвяткавала на корце. У першым крузе спаборніцтваў у амерыканскім Сан-Хасэ Азаранка была мацнейшай за  францужанку Армані Тан - 6:2, 6:4.

А пасля, мяркуючы па сторыс у "Інстаграм", Вікторыя правяла час з сынам. Мама і дзіця пакаталіся на самакатах і з'елі шакаладны торт.

Віншуюць Вікторыю і прыхільнікі па ўсім свеце. У афіцыйных групах у сацыяльных сетках фанаты ўспамінаюць шлях беларускі да вяршыняў.

Карыстальнікі пакідаюць каментарыі і на старонцы Азаранкі ў "Інстаграм". Жадаюць толькі поспехаў і перамог! Да віншаванняў далучаецца і каманда Агенцтва тэленавін.

Адзначым, у другім крузе турніру ў Сан-Хасэ Азаранку чакае харвацкая тэнісістка Дона Векіч. Да гэтага дзяўчыны на кортах не перасякаліся. Гэтай ноччу ў барацьбу ўступае і Арына Сабаленка. Першая ракетка Беларусі згуляе з амерыканкай Кока Вандэвеге. Арыенціровачна пачало паядынку ў гадзіну ночы. Прамую трансляцыю будзе весці тэлеканал "Беларусь 5".