Ветрапарк пачаў працаваць у Лёзненскім раёне

22 сентября 2019

Злавіць і прыручыць энергію ветру. У Лёзненскім раёне пабудаваны дзве ветраэнергетычныя ўстаноўкі. З іх з'яўленнем пачалася новая старонка ў развіцці энергетычнай сістэмы цэлага рэгіёна.

Вольга Маслоўская раскажа падрабязна.

Менш за два гады прайшло з першага прыезду інвестара ў Лёзненскі раён да запуску ветрагенератараў на пляцоўцы паблізку вёсак Сіманава, Емяльянаў і Гаршэва. Тое, што тут энергія ветру моцная, вызначылі спецыялісты. 

Пераканалася і кампанія-інвестар. Цэлы год спецыяльныя ветравымяральныя ўстаноўкі аналізавалі ружу вятроў на лёзненскім плато. З іх дапамогай і вызначылі самыя зручныя пункты для ўстаноўкі ветрагенератараў. Вось гэты  - сёння самы вялікі ў краіне - узвышаецца на вышыні 282 метры над узроўнем мора, мае стаметровую вежу і дыяметр ветравога кола 140 метраў. Другі некалькі меншы. 

Працуюць ветракі аўтаномна. Кантраляваць устаноўкі можна праз інтэрнэт з любога пункта свету. Сумарна за год яны будуць выдаваць 18 мільёнаў кілават/гадзін. Столькі электраэнергіі спажывае населены пункт, дзе пражываюць 6 тысяч чалавек.

Вячаслаў Чарнавусаў, намеснік старшыні Лёзненскага райвыканкама: "Гэта дазволіць прывабліваць інвестараў, даць магчымасць развівацца высокаэнэргетычным галінам. Калі смела сказаць, то ў прынцыпе сёння крыптавалютныя біржы, той, хто займаецца майнінгам, патрабуюць вялікага спажывання таннай энергіі. У будучыні магчыма рэалізацыя і новай сферы. Самае галоўнае, у раёне з'явілася новая галіна эканомікі - гэта энергетыка".

Аб'ект каштаваў інвестару  21 мільён рублёў. Акупіцца, згодна з  падлікамі, праз 7 гадоў. На гэтым ветраэнергетычны патэнцыял Лёзненскага раёна не вычарпаны. У рэгіёне плануюць і далей развіваць ветрапарк. У недалёкай будучыні колькасць установак тут павялічыцца да 9.