Ветэрану Васілю Хацулеву ўручылі ордэн Чырвонай Зоркі праз 72 гады

3 июня 2016

У подзвігу няма тэрміну даўнасці. Сёння, праз 72 гады, ветэрану Вялікай Айчыннай Васілю Хацулеву ўручылі ордэн Чырвонай Зоркі. Прадстаўнікі ваеннага аташата пры пасольстве Расіі ў Беларусі зачыталі ўзнагародны ліст, у якім адзначана, што радыст Хацулеў пад моцным артылерыйскім і кулямётным агнём праціўніка і пры адсутнасці тэлефоннай сувязі бесперапынна трымаў сувязь са штабам палка. За гэта і быў прадстаўлены да ўрадавай узнагароды. Па збегу акалічнасцяў Васіль Хацулеў не змог у той момант атрымаць ордэн. У пачатку вайны ён разам з групай байцоў быў адабраны для дыверсійнай працы ў тыле за лініяй фронту. Трапіў у палон, але салдату ўдалося ўцячы. А ў 1944 годзе ён быў асуджаны на 10 гадоў, толькі праз 20 гадоў ветэран быў цалкам рэабілітаваны. Інфармацыю, што Васіль Хацулеў быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, яго сваякі змаглі адшукаць на сайце "Подзвіг народа".

Васіль Хацулеў, ветэран Вялікай Айчыннай вайны: "Я зрабіў запыт, мне адказалі, што ў спісе ўзнагароджаных не выяўлены. Толькі летась на Дзень Перамогі па Інтэрнэце паказалі ўзнагародныя лісты ордэна, у тым ліку і мой узнагародны ліст".

Пасля вайны Васіль Хацулеў прыйшоў працаваць у Гомельскае ўпраўленне нафтаправода "Дружба", быў начальнікам планавага аддзела. Тут ён працаваў да пенсіі. Узнагароду ветэрану ўручылі напярэдадні юбілею - у ліпені Васіль Хацулеў будзе адзначаць 95-ы дзень нараджэння.