Ветэран легендарнай эскадрыллі "Нармандыя-Нёман" удастоены высокай дзяржузнагароды Беларусі - ордэна Пашаны

23 февраля 2018

І напярэдадні свята высокай дзяржузнагароды Беларусі - ордэна Пашаны - удастоены ветэран легендарнай эскадрыллі "Нармандыя-Нёман" Андрэ Пейрані. Ён ваяваў на Курскай дузе, удзельнічаў у вызваленні Беларусі, вайну закончыў у Германіі. Некалькі гадоў механік эскадрыллі плячо ў плячо ваяваў са сваімі савецкімі калегамі. Пра баявы шлях героя - Алена Борматава.

Дзяржаўная ўзнагарода Беларусі побач з ордэнам Ганаровага легіёна. У падзяку за гераізм і з павагай да подзвігу пад гукі беларускага гімна французскаму ветэрану ад імя Прэзідэнта нашай краіны ўручылі ордэн Пашаны. Андрэ Пейрані - механік легендарнага авіяпалка "Нармандыя - Нёман" - прымаў удзел у вызваленні Беларусі.

Свой 98-ы дзень нараджэння Андрэ Пейрані - апошні ветэран легендарнай эскадрыллі, які жыве ў Францыі, адзначыць 8 мая. Так атрымалася, што яго асабістае свята стала яшчэ і днём, калі ўся Еўропа адзначае Дзень Перамогі. Сам жа ветэран традыцыйна святкуе яго 9 мая, як і савецкія аднапалчане.

Павел Латушка, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Францыі, Іспаніі, Партугаліі і Манака (па сумяшчальніцтве): "Практычна кожны беларус ведае гэтыя два словы - “Нармандыя-Нёман”. Сімвалічна, што эскадрылля “Нармандыя-Нёман” у сваёй назве мае беларускую рэчку - Нёман. І сёння, узнагароджваючы ад імя Прэзідэнта Беларусі аднаго з апошніх удзельнікаў эскадрыллі “Нармандыя-Нёман”, мы кажам яму дзякуй, мы кажам дзякуй усім французам, хто дапамог вызваліць нашу зямлю".

Толькі ў беларускіх партызанскіх атрадах ваявалі 55 французаў і 105 беларусаў ваявалі ў радах руху Супраціўлення. І гэта не лічачы лётчыкаў і механікаў легендарнага авіяпалка. Двое з іх назаўжды засталіся ў беларускай зямлі.

20 гадоў Жак Гастон лічыўся прапаўшым без вестак. Матор яго самалёта знайшлі ў 60-я па нумары і вызначылі імя лётчыка. У 70-м Александрын Гастон - маці загінуўшага пілота - наведала магілу сына і ўбачыла асколкі яго самалёта ў школьным музеі Барысава. Ён быў створаны 50 гадоў таму і гэты самы буйны музейны збор Беларусі па гісторыі палка "Нармандыя-Нёман". Матор жа самалёта захоўваецца ў Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай.

Крыламі для французскіх лётчыкаў сталі савецкія знішчальнікі. Першапачаткова баявыя аперацыі вяліся на самалётах Як-1 і Як-9. Пазней іх замянілі штурмавікі Як-3. Каманда, якая складалася з двух чалавек (лётчыка і механіка), першы час дзеяння авіяпалка Нармандыя была выключна французскай. Менавіта ў гэты час адным з лепшых экіпажаў лічыўся Лефеўр - Пейрані, які змагаўся на Курскай дузе. Андрэ быў механікам у будучага Героя Савецкага Саюза.

Шляхі сяброў разышліся, калі Пейрані уступіў у фарміраванне генерала дэ Голя для вызвалення роднай Францыі, а Лефеўр працягваў ваяваць на тэрыторыі Савецкага Саюза. Апошні бой ён прыняў пад Віцебскам падчас аперацыі "Баграціён".

Дзмітрый Аксёнаў, экскурсавод Музея перамогі на Паклоннай гары, Масква: "Падчас пералёту ў 44 годзе яго самалёт успыхнуў. Лётчык змог пасадзіць свой самалёт, але, на жаль, ужо ў шпіталі ад атрыманых апёкаў ён памёр і пасмяротна быў узнагароджаны званнем Героя і навечна залічаны ў спісы 18 гвардзейскага знішчальнага палка "Нармандыя-Нёман".

Балалайка, на якой, магчыма, Пейрані іграў у перапынках паміж баямі, сёння экспанат музея 712-й маскоўскай школы. Тут механік легендарнага палка быў частым госцем. Музейнымі экспанатамі стала і копія яго пасведчання авіямеханіка эскадрыллі "Нармандыя-Нёман". 



Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя