Вясной у Беларусі з'явяцца новыя інструменты барацьбы са лжэпрадпрымальнікамі

29 января 2016

Новыя інструменты барацьбы са лжэпрадпрымальнікамі з'явяцца ў Беларусі ўжо вясной гэтага года. Фінансавая міліцыя краіны атрымае права выносіць прадпісанні тым суб'ектам гаспадарання, якія працуюць са лжэструктурамі. Кампаніі, якія пагодзяцца з прэтэнзіямі і добраахвотна выплацяць падатак на карысць дзяржавы, вызваляць ад адміністрацыйнай адказнасці. Пасля таго як механізм запрацуе, паслугі лжэструктур будуць меней запатрабаваныя. Сёння гэтая сфера застаецца адным з самых распаўсюджаных фінансавых парушэнняў у Беларусі. На працягу апошніх трох гадоў у краіне была спыненая дзейнасць больш як тысячы такіх структур. Гаворка ідзе аб трыльёнах рублёў страт у выглядзе нявыплачаных падаткаў.

Ігар Малашэвіч, начальнік упраўлення Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю Беларусі: "Існуе рэестр суб'ектаў гаспадарання з павышанай рызыкай учынення эканамічных правапарушэнняў. Як толькі мы выяўляем ілжэпрадпрымальніцкую структуру, падаем інфармацыю ў Міністэрства па падатках і зборах. Яны гэты суб'ект гаспадарання ўключаюць у рэестр, і мы выяўляем контрагентаў гэтага суб'екта гаспадарання. Мы гэтым контрагентам прад'яўляем свае прэтэнзіі наконт ухілення ад выплаты падаткаў. Адпаведна, калі яны прымаюць рашэнне аб тым, што так, мы сапраўды выкарыстоўвалі гэтыя інструменты і гатовыя выплаціць падаткі належныя, у гэтым выпадку адміністрацыйная адказнасць выключаецца".

Апроч заканадаўчых новаўвядзенняў, Беларусь актыўна пераймае замежны вопыт барацьбы з фінансавымі махінацыямі. Наша краіна актывізавала супрацоўніцтва з Еўрасаюзам. У гэтыя дні ў Мінску беларускія эксперты праводзяць сустрэчы з калегамі з Францыі і Іспаніі. Вопыт гэтых краін дапаможа Беларусі, у тым ліку, у барацьбе з транснацыянальнай фінансавай злачыннасцю.