Вясна ўжо які год для некаторых беларускіх сёлаў прыходзіць з вялікай вадой

6 марта 2017

У краіне пачаліся паводкі. Так, галоўная паўночная артэрыя - Заходняя Дзвіна - у межах Віцебска ўжо поўнасцю ачысцілася ад лёду. Звычайна гэта адбываецца на месяц пазней. Вада літаральна адрэзала ад цывілізацыі вёску Кучыншчына. У многіх рэгіёнах назіраюцца і тэмпературныя рэкорды. Прагнозы сіноптыкаў і гатоўнасць да ранняй вясны беларусаў праверыла Вольга Маслоўская.

Бетонавая пераправа цераз ручай пайшла пад ваду. З тых часоў у вёску Кучыншчына не можа даехаць ні аўтакрама, ні пошта. Адрэзанымі засталіся пяць хат і сем жыхароў.

Кожную вясну жыхароў Кучыншчыны выручае мост, пабудаваны амаль сорак гадоў таму. Яго берагуць і кожны год рамантуюць. Праўда, падчас моцнай паводкі і ён ідзе пад ваду. Тады жыхары бяруцца за вёслы.

30 метраў падвеснай пераправы - зараз адзіная сувязь з вялікай зямлёй. Рака паднялася так, што да вады рукой падаць. А летам, гавораць мясцовыя жыхары, Лучоса нагадвае, хутчэй, ручай, да якога з моста больш як тры метры.

Паштальён, газавікі, сацыяльныя работнікі ў Кучыншчыну пакуль дабіраюцца пешшу. Па прадукты жыхары ходзяць самі - за мостам магазін. Пенсіянерам з дастаўкай дапамагаюць суседзі.

Спецыялісты гавораць, што вялікая вада ў паўночны рэгіён яшчэ не прыйшла. Пік паводкі наперадзе. Каб пазбегнуць ледзяных затораў на рэках і мінімізаваць пагрозу падтаплення дарог і мастоў, лёд узрываюць.

Лёд сыходзіць з-пад ног у літаральным сэнсе слова і на азёрах. Паводле звестак Асвода, за тыдзень яго таўшчыня паменшылася на 10-15 сантыметраў. Праўда, заядлых аматараў падлёднай лоўлі гэта не спыняе. Вадаёмы патрулююць ратавальнікі і валанцёры Чырвонага Крыжа, распавядаюць аб правілах паводзінаў на вадзе. Практычна ўсюды ўступіла ў сілу забарона выхаду на лёд.

Першы месяц вясны радуе беларусаў небывалым для гэтай пары цяплом. Так, 5 сакавіка ў Гродне пабіты плюсавы рэкорд дня. Слупок тэрмометра падняўся да адзнакі 14,3 градуса па Цэльсіі. За ўсю гісторыю метэаназіранняў гэта самае цёплае 5 сакавіка ў абласным цэнтры.

На поўдні Беларусі камфортнае надвор'е дало старт палявым работам. Брэсцкія аграрыі ўносяць мінеральныя ўгнаенні. Праз некалькі дзён пачнуць і сяўбу. Яравы клін складзе амаль 430 тысяч гектараў. Пачнуць з аўса - гэтай траве не страшныя нават замаразкі да мінус 5-ці. Але ў прагнозах сіноптыкаў на тыдзень па-ранейшаму ўстойлівы плюс і дажджы.