Свет сёння ўспамінае памерлых ад СНІДУ. Да міжнароднай акцыі далучылася Беларусь

20 мая 2018

У парку Горкага адкрылася тэматычная выстава, прысвечаная людзям са станоўчым ВІЧ-статусам. Героямі фотакарцін сталі 18 беларусаў, якія адкрыта распавядаюць свету аб сваім захворванні, жыцці і лячэнні.

Святлана Бароўская, Пасол добрай волі ЮНЕЙДС у Беларусі:

"Мы сабраліся для таго, каб успомніць і аддаць даніну памяці памерлым ад СНІДУ, але ўсё ж гэта павінна ператварыцца толькі ў памятную дату, бо сёння ўсё магчыма і ўсё адбываецца так, што людзі больш не паміраюць ад СНІДУ".

Віней Салдана, рэгіянальны дырэктар ЮНЕЙДС для краін Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі:

"У дэкларацыі, прынятай з дапамогай і Беларусі на ўзроўні Генасамблеі ААН 2016 года, гаворыцца аб тым, што мы не павінны больш змагацца са СНІДам, мы павінны перамагчы эпідэмію СНІДу раз і назаўжды. І гэта не толькі патрабуе навуковых або праграмных падыходаў, а ў першую чаргу трэба адносіцца кожнаму да ВІЧ-станоўчых, як да звычайных людзей, з павагай".

Сусветны дзень памяці людзей, памерлых ад СНІДу, праводзіцца штогод у трэцюю нядзелю мая ўжо 35 гадоў. Здаць кроў і даведацца свой статус беларусы могуць бясплатна, як і атрымаць лячэнне ў выпадку, калі вынік акажацца станоўчым. Акрамя таго, з 2016 года Беларусь спыніла перадачу ВІЧ-інфекцыі і сіфілісу ад маці да дзіцяці.