Увесь свет адзначае Дзень радыё. Свята аб'ядноўвае ўсіх працаўнікоў сферы вяшчання

13 февраля 2020
Сёння ўвесь свет адзначае Дзень радыё. Свята, заснаванае па рашэнні Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА, аб'ядноўвае ўсіх працаўнікоў сферы вяшчання - дыктараў, вядучых, радыёжурналістаў, гукарэжысёраў, інжынераў. І гэта далёка не ўвесь спіс людзей, якія маюць дачыненне  да інфармацыйнага эфіру. Сёлета дэвіз міжнароднага свята: "Разам мы і ёсць радыёразнастайнасць!". Такому слогану, безумоўна, адпавядае і структурнае падраздзяленне Белтэлерадыёкампаніі: Беларускае радыё. 

Сёння гэта адразу 2 каналы і 3 радыёстанцыі. Аб найбуйнейшым медыярэсурсе ў лічбах і фактах - наш карэспандэнт Дар'я Тарасава.
 

За 95 гадоў у эфіры Беларускае радыё змяніла некалькі адрасоў прапіскі

Пачыналася айчыннае вяшчанне на Савецкай, пазней была Універсітэцкая, Рэвалюцыйная і, нарэшце, Чырвоная, 4. Сённяшні Дом радыё. Калі першыя эфіры доўжыліся ўсяго 30 хвілін за суткі - сёння працуюць у рэжыме 24х7. Беларускае радыё мае самую шырокую трансляцыйную сетку. Гэта фактычна 100-працэнтнае пакрыццё тэрыторыі Беларусі. Даступна радыё ва ўсім свеце, у рэжыме рэальнага часу, у сетцы інтэрнэт. 

У структуры Беларускага радыё 2 каналы і 3 радыёстанцыі

Першы нацыянальны і "Культура". Плюс тры радыёстанцыі - "Сталіца", "Радыус FM" і "Беларусь". Апошняя гучыць у эфіры на дзевяці мовах. (Руская, беларуская, польская, англійская, нямецкая, французская, іспанская, кітайская, арабская).

У лінейцы гэтага сезона 245 праграм. Міжнароднае радыё "Беларусь"  прапаноўвае слухачу адразу 87 арыгінальных прадуктаў. Не адстае і Першы канал. Пачуем у эфіры "ІТ-краіна", "Мы - Беларусь!" і "Наш выбар". Да юбілею тут алічбавалі архівы і запусцілі праект "Радыё-кропка".

Максім Угляніца - намеснік галоўнага дырэктара - дырэктар інфармацыйнага і грамадска-палітычнага вяшчання Першага Нацыянальнага канала Беларускага радыё: "Мы спрабуем аб'яднаць гісторыю радыё і дзень сённяшні ў адным нават кожным пэўным выпуску. Ён можа быць тэматычны, напрыклад. Вось там пачыналася калісьці ў 30 прамыя трансляцыі, прасілі ў людзей у кватэру, да іх заходзілі дзе-небудзь у раёне плошчы Свабоды, ставілі мікрафоны і адтуль вяшчалі на важныя грамадска-палітычныя падзеі. Мы гаворым, а як сёння. Напрыклад,  трансляцыі 9 мая, 3 ліпеня ў нас таксама ў прамым эфіры ідуць. Параўноўваем".

Больш за палову кантэнту Першага канала - гэта інфармацыйныя і аналітычныя праграмы. Прадукт сумесны з камандай Агенцтва тэленавін. Культурна-пазнавальныя праекты, у структуры вяшчання, займаюць 25 %. Музычнае напаўненне - 20. 

У фондах Дома радыё аўдыёзапісы з галасамі Леніна, Танка, Коласа

Фондавая фанатэка Дома радыё захоўвае 124 тысячы аўдыёзапісаў. Гэта фанаграмы з галасамі Леніна, Танка, Коласа і нават рэпартаж з палёту Гагарына ў космас. Ёсць дублі, але большая  частка прадстаўлена арыгіналамі. На тое, каб азнаёміцца з усімі запісамі, спатрэбіцца 15 тысяч гадзін. Або адзін год і 8 месяцаў, калі слухаць кругласутачна. Перакладаюць аудыяматэрыялы і ў лічбу, для таго, каб іх пачулі на радыёхвалях. 

Сачыць за радыёкухняй прапаноўваюць ва ўсіх сацыяльных сетках і месенджэрах  

Дзякуючы мадэрнізацыі сайта radio1.by на платформе можна ўбачыць пазаэфірныя падкасты, пашыраныя версіі інтэрв'ю і запісы праграм. Сачыць за радыёкухняй прапаноўваюць ва ўсіх сацыяльных сетках і месенджэрах. На Facebook, Twitter, "УКантакце", "Аднакласніках", Instagram. Афіцыйным Youtube акаўнце і Viber.

Антон Васюкевіч, галоўны дырэктар галоўнай дырэкцыі Першага Нацыянальнага канала Беларускага радыё: "Літаральна ў канцы мінулага года былі праведзены сацыялагічныя даследаванні і яны пацвярджаюць, што людзі захоўваюць сваё стаўленне  да радыё як да традыцыйнай крыніцы інфармацыі. Нас слухаюць не толькі ў машынах, але і дома. Нас слухаюць у смартфонах, нас слухаюць на тэлефонах. Гэта значыць зараз вось гэты пералік і асартымент сродкаў,  праз якія можна атрымліваць радыёкантэнт, вельмі шырокі. Для нас вельмі важна прысутнічаць там". 

У Доме радыё 7 гуказапісвальных студый

З "Вялікай" супрацоўнічаў уладальнік прэміі "Оскар" Эніа Марыконэ, а музыканты Rammstein нават запісалі ў гэтых сценах свой сёмы альбом. Вяшчальных студый, з якіх выходзяць у прамы эфір, - чатыры. Музычных - дзве.

Не толькі аналагавае вяшчанне, у перспектыве развіццё ў Беларусі лічбавага радыё. Гэта дазволіць аб'яднаць усе станцыі ў "мультыплекс". Усё для таго, каб быць самымі актуальнымі, аператыўнымі і дакладнымі  для сваіх слухачоў.