Вербніцу адзначаюць праваслаўныя вернікі

17 апреля 2022
Праваслаўныя вернікі сёння адзначаюць Вербніцу або Уваход Гасподні ў Іерусалім.

З самай раніцы ў храмах мноства людзей. У іх руках упрыгожаныя галінкі вярбы - гэта сімвал пальмавага лісця. Імі жыхары біблейскага горада радасна віталі Ісуса Хрыста, які, паводле Евангелля, уехаў у Іерусалім на восліку. Акропленую святой вадой вярбу вернікі захоўваюць цэлы год - да наступнага свята. Людзі вераць, што галінкі напаўняюцца гаючай сілай, здольнай пазбавіць ад хвароб і бед. 

Вербніца - вельмі светлае свята, і ў той жа час гэта прадвесце пакут Хрыста. Ужо заўтра, 18 красавіка, пачынаецца апошні і самы строгі тыдзень Вялікага посту - Перадвелікодны. У гэты час вернікі выконваюць асаблівыя абмежаванні і рыхтуюцца сустракаць светлае свята - Вялікдзень: наводзяць парадак, гатуюць кулічы.