Мясцовай славутасцю аграсядзібы Мінскага раёна стаў вярблюд

23 июля 2020
Экзатычны аграадпачынак. Мясцовай славутасцю адной аграсядзібы Мінскага раёна стаў вярблюд. Насельніка пустынь і стэпаў прывезлі з Татарстана зусім маленькім. Зараз жывёла падрасла і стала сапраўднай экзотыкай для наведвальнікаў комплексу. З нязвыклай для нашых шырот жывёлай пасябраваў Ілья Цвяткоў.

У жыхароў вёскі Сёмкава Мінскага раёна з'явілася новая прыкмета: калі сустрэў вярблюда - дзень будзе ўдалым. А яшчэ ў такім выпадку тэлефануюць гаспадарам адной з мясцовых аграсядзіб, каб экзатычнага звера вярнулі дадому. Новы пастаялец - вярблюд Боня - у сям'ю Алесі Жданок трапіў са стэпавага Татарстана тры гады таму і адразу стаў мясцовай славутасцю. 

Для вялікага і дружалюбнага Боні падрыхтавалі спецыяльныя апартаменты. Наведвальнікі аграсядзібы могуць пазнаёміцца з гадаванцам бліжэй – пакарміць і нават пракаціцца на спіне вярблюда па вальеры.  Экзатычнаму пастаяльцу сёлета споўнілася шэсць гадоў. Сіл і запалу ў Боні шмат. Таму ахвотна бавіць час з дзецьмі. Тым больш што малыя заўсёды прыносяць пачастункі.

У стандартным рацыёне вярблюда сена і камбікорм. Але, як і ўсе, Боня вельмі любіць пачаставацца рознымі прысмакамі. Як вось, напрыклад, свежая морква і агуркі.  Догляд такой жывёлы даволі просты. Аднак некаторыя працэдуры трэба праводзіць рэгулярна. Напрыклад, старанна вычэсваць поўсць. Акрамя б’юці-працэдур кожны дзень у Боні заняткі. Вярблюд асвойвае розныя каманды і вучыць правілы добрага тону. 

Каб вярблюду не сумаваць, яму нядаўна набылі сябра - асла Фядоса. Паступова ў вальеры з'явяцца і іншыя экзатычныя насельнікі.