Вечны агонь - вечная памяць!

7 мая 2015

Сёння адразу дзве дэлегацыі запалілі факелы ад Вечнага агню  ў Брэсцкай крэпасці. Гэта моладзь падмаскоўнага горада Васкрасенска і прадстаўнікі Пінска. У сталіцы Палесся з кастрычніка мінулага года мемарыяльны комплекс у гонар воінаў-вызваліцеляў рэканструявалі. Таму Вечны агонь ля помніка прыйшлося часова загасіць. На цырымоніі запальвання полымя прысутнічалі прадстаўнікі ўлады, моладзь і ветэраны. Яны ўшанавалі памяць абаронцаў Брэсцкай крэпасці хвілінай маўчання і ўсклалі кветкі. У Пінску факел з полымем Вечнага агню ў адкрытым аўтамабілі праедзе па галоўных вуліцах. Канчатковым пунктам маршруту патрыятычнай акцыі стане абноўлены  мемарыяльны комплекс у гонар вызваліцеляў горада.