Васіль Жарко: Звароты па пытаннях уступнай кампаніі павінны разглядацца аб'ектыўна і аператыўна

8 июня 2017

Звароты па пытаннях уступнай кампаніі павінны разглядацца аб'ектыўна і аператыўна. Напярэдадні важнай пары для абітурыентаў і іх бацькоў такое патрабаванне перад спецыялістамі дзяржкамісіі паставіў сёння віцэ-прэм'ер Васіль Жарко. Сёлета будучыя студэнты змогуць здаваць чатыры тэсты. Акрамя таго, павялічылася колькасць рэзервовых дзён. У вырашэнні многіх пытанняў юнакам і дзяўчатам, якія паступаюць, дапамогуць і гарачыя лініі. Якія змяненні ў працу Інстытута кантролю ведаў унеслі новыя бонусы для абітурыентаў? І ці варта чакаць змяненняў па выніках кампаніі? Адказы шукала Наталля Тарасюк.

У Інстытуце кантролю ведаў зараз ідзе фармаціраванне тэстаў. Па сутнасці гэта апошні этап перад тым, як варыянты заданняў аформяцца ў выніковыя бланкі. З-за новых бонусаў для абітурыентаў - чатыры ЦТ і тры рэзервовыя дні - спецыялісты РІКВ распрацавалі новае праграмнае забеспячэнне і прайшлі вучобу. А яшчэ ўпершыню пераклалі інструкцыю да заданняў на беларускую мову, даўшы абітурыенту яшчэ адну магчымасць выбару.

А вось пра роўныя ўмовы для паступлення школьнікаў, гімназістаў і нават ліцэістаў гаворка ішла сёння на пасяджэнні дзяржкамісіі па кантролі за ходам уступных іспытаў. Для гэтага, як падкрэсліў віцэ-прэм'ер і кіраўнік камісіі Васіль Жарко, тэсты павінны адпавядаць вучэбнай праграме сярэдніх школ. Паўторны разгорнуты аналіз ступені гэтай адпаведнасці правядуць пасля заканчэння кампаніі. Усяго ж адсочваць уступную гонку будуць больш за 40 спецыялістаў дзяржкамісіі плюс каля 200 супрацоўнікаў Камітэта дзяржкантролю.

Васіль Жарко, намеснік прэм'ер-міністра Беларусі: "Мы дадзім ацэнку, правядзем глыбокі аналіз вынікаў сёлетняй уступнай кампаніі. Будуць, напэўна, і звароты абітурыентаў, і звароты бацькоў. Нашы РІКВ, Міністэрства адукацыі, члены дзяржкамісіі - усе вопытныя. Асноўная задача нашай дзяржкамісіі - гэта даць роўныя правы, зрабіць так, каб абітурыент быў самападрыхтаваны і меў права вучыцца ў ВНУ".

Усяго ж універсітэты сёлета гатовыя залічыць на вочнае альбо завочнае аддзяленне больш за 58 тысяч новых студэнтаў. Ад таго, як пакажа практыка, залежыць прыём у наступным годзе. Не выключана, што правілы перагледзяць. Змяненні могуць закрануць колькасць і фармат іспытаў, а таксама мінімум прахадных балаў. Пры гэтым абітурыенты змогуць прайсці пробнае тэсціранне бясплатна альбо на льготных умовах. Дэталёва гэтую ініцыятыву спецыялісты прапрацуюць пасля заканчэння кампаніі.

Ужо ў панядзелак, 12 чэрвеня, беларускую мову маюць намер здаваць амаль 29 тысяч чалавек. Зарыентавацца абітурыентам дапаможа гарачая лінія. Юнакі і дзяўчаты, якія паступаюць, змогуць звярнуцца як у абласныя камісіі, так і ў Міністэрства адукацыі, а таксама звязацца па тэлефоне з рабочай групай дзяржаўнай камісіі.