Васіль Герасімаў правёў выязны прыём грамадзян у Пінску

19 марта 2018

Мясцовай уладзе трэба быць больш уважлівай да людзей. Такое меркаванне сёння падчас прыёму грамадзян у Пінску выказаў памочнік Прэзідэнта - галоўны інспектар па Брэсцкай вобласці Васіль Герасімаў. У спісе зваротаў 40 пытанняў. Ад працаўладкавання да будаўніцтва вадаправода і пракладкі газу ў вёсцы. Так, жыхары новага мікрараёна Верасы ў Пінску занепакоеныя станам дарог. У прыватнасці, трэці Долінскі праезд не мае нават жвіровага пакрыцця. Людзі атрымалі ўчасткі для індывідуальнай забудовы ў 2010-м, за свой кошт падвялі святло і вадаправод. Праект па добраўпарадкаванні дарогі існуе, а вось фінансавання няма. Людзі ходзяць па гліне і бруду.

Васіль Герасімаў, памочнік Прэзідэнта Беларусі - галоўны інспектар па Брэсцкай вобласці: "40 чалавек - гэта шмат. Гэта гаворыць аб тым, што праца са зваротамі грамадзян пастаўленая на неналежным узроўні. Аж да таго, што некаторыя грамадзяне гаварылі аб некарэктных паводзінах з боку некаторых службовых асоб. Ёсць пытанні, якія, на жаль, не ўпрыгожваюць Пінск. Напрыклад, калі зямельны ўчастак не даюць без будынка. І не даюць будаваць, таму што няма зямельнага ўчастку. І людзі гадамі ходзяць па кругу. У выніку пытанне вырашыць не могуць".

Прыём грамадзян доўжыўся каля 10 гадзін. Васіль Герасімаў некаторыя пытанні ўзяў на асаблівы кантроль. Шматлікія звароты патрабуюць індывідуальнага разгляду з юрыдычнага боку.