Валерый Калінковіч: Сістэма судоў у Беларусі збалансаваная

27 сентября 2019

Сістэма судоў у Беларусі збалансаваная, а колькасць пададзеных апеляцый толькі падкрэслівае той факт, што ў нашай краіне ў поўнай меры рэалізаваны механізм праваабароны. Такое меркаванне выказаў напярэдадні першы намеснік старшыні Вярхоўнага суда. Ён адзначыў, што ў судах другой інстанцыі абскарджваюцца або апратэстоўваюцца прыкладна 20 працэнтаў ад агульнай колькасці вынесеных прысудаў. Пры гэтым нашмат часцей вышэйшы суд прымае рашэнне на карысць абвінавачанага, гэта значыць змякчае юрыдычную ацэнку зробленага або заносіць карэктывы ў пакаранне.

Публікацыі ў СМІ на тэму судаводства Валерый Калінковіч назваў комплекснай праблемай. Асабліва падачу з боку некаторых інфармрэсурсаў у інтэрнэце. Часцяком у такіх выпадках аўтары публікацый грэбуюць асноватворнай для заканадаўства прэзумпцыяй невінаватасці. А менавіта выдаюць асабістыя здагадкі і падрабязнасці крымінальных спраў аўдыторыі яшчэ да вынясення прысуду. Тым самым, на думку Вярхоўнага суда, ускосна ўплываюць на рашэнні суддзяў.