У Зорны паход па Беларусі адправіліся студэнты педагагічных ВНУ з розных краін свету

23 января 2018

Афіцыйны старт штогадовай акцыі далі сёння ва ўніверсітэцкім панадворку БДПУ ля помніка студэнтам і выкладчыкам, загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны. На ўрачысты мітынг сабраліся 8 інтэрнацыянальных атрадаў, а гэта больш за дзве сотні будучых педагогаў. Маладыя людзі з Беларусі, Расіі, Казахстана, Азербайджана, Туркменістана, Літвы, Ірака і Кітая. 53-і Зорны паход пачаўся з хвіліны маўчання ў гонар загінуўшых калег у гады Другой сусветнай вайны.

Ігар Карпенка, Міністр адукацыі Беларусі: "Зорны паход - гэта магчымасць выказаць сябе ў розных якасцях: хтосьці ў мастацкай самадзейнасці, хтосьці паспрабуе зрабіць выпрабавальныя ўрокі, гэта ўсё складальнікі будучай прафесіі педагога, без якой немагчыма выйсці ў самастойнае жыццё. Гэта тая так званая практыкаарыентаваная вучоба, якая дазваляе сфарміраваць у сабе навыкі будучага настаўніка".

Удзельнікі паходу пабываюць у розных раёнах і абласцях нашай краіны, сустрэнуцца з ветэранамі, правядуць майстар-класы са старшакласнікамі. Упершыню Зорны паход прайшоў у 1966 годзе. Схема маршруту формай нагадвала зорку - адгэтуль і назва студэнцкай місіі.