У зімовую сцюжу і пад пякучым сонцам

2 мая 2015

Яны нясуць варту ля Вечнага агню ўжо 30 гадоў. На Пост нумар адзін заступаюць старшакласнікі сталічных школ і гімназій. Зараз умовы варты сталі больш камфортнымі. Школьнікі не трымаюць муляжы аўтаматаў. А ў залежнасці ад надвор'я на вахце праводзяць 10-15 хвілін. Пра асаблівасці такой службы рэпартаж Аляксандры Драгун.

Антон Антаневіч - 11-класнік і па сумяшчальніцтве вартавы. За месяцы падрыхтоўкі дасканала адтачыў так званы мемарыяльны крок. Ён адрозніваецца ад страявога. Юнармейцам прыходзіцца адначасова ўтрымліваць нагу на адлегласці ў 40 сантыметраў ад зямлі, а руку фіксаваць на ўзроўні пляча.

У старшакласнікаў 168-й сталічнай школы асаблівая місія. Юнармейцы будуць несці варту ля Вечнага агню 9 Мая. Да адказнай справы рыхтуюцца старанна. Панадворак школы на час ператварыўся ў трэніровачную пляцоўку.

Сёлета гэтыя вучні ўжо заступалі на Пост нумар адзін у снежні. Тады прайшлі і выпрабаванне надвор’ем. Але сезонныя з’явы не перашкода для юнакоў. Зімой выратоўвае цёплае адзенне. Дарэчы, дрэс-код для вартавых – умова абавязковая, гэтак жа, як і зладжанасць, бездакорнасць рухаў.

У знешнім выглядзе дзяўчат шмат дэталяў. Рост – не меншы за 1 метр 65 см. У змене павінны быць аднолькавымі не толькі прычоскі і колер бантаў, але і шчыльнасць калготак. Нароўні з хлопцамі прадстаўніцы прыгожага полу пераапранаюцца за 10 хвілін.

Рост у хлопцаў павінен быць не меншы за метр 75 см. Кіцель, белая кашуля, пілотка, абутак – абавязкова чорны, на квадратных абцасах. Форму выдаюць у штабе Паста нумар адзін.

Юля Іванчыкава хоць і памочнік начальніка ганаровай варты, але голас камандны. Ёсць у каго вучыцца – вырасла ў сям’і ваенных.

Калі змена заступае на вахту, яны выконваюць першы элемент рытуалу – размыканне. Чацвёра юнармейцаў адначасова паварочваюцца тварам да Вечнага агню і працягваюць рухацца далей.

Варту нясуць старшакласнікі сталічных школ і гімназій з верасня. За навучальны год больш за 800 вучняў праходзяць праз Пост нумар адзін.

У маі вартавыя сустрэнуць юнармейцаў з Расіі, Украіны і Латвіі. На працягу некалькіх дзён будуць па чарзе несці варту ля Вечнага агню. Дарэчы, заступаць кожная змена будзе са сваім асаблівым рытуалам.