У Жодзіне больш за 300 будучых першакласнікаў атрымалі свае першыя партфелі

28 августа 2017

Па-сапраўднаму горача ў апошнія дні лета школьнікам і іх бацькам. Бо падрыхтаваць дзіця да школы, купіць неабходныя канцылярскія тавары - справа не толькі клопатная, але часам і затратная. Зрэшты, большасць беларусаў не засталася ўбаку і чарговы раз дапамагае шматдзетным сем'ям і тым, хто ў гэтым мае патрэбу. Вось і сёння ў Жодзіне больш за 300 будучых першакласнікаў атрымалі свае першыя партфелі. Колькі каштуе сабраць дзіця ў школу, даведваўся Аляксандр Харавец.

Гэта для Захара Кандрашова пакуль рукзак непад'ёмны. Для яго бацькоў ранец з канцылярскімі таварамі - выдатная дапамога перад пачаткам новага, ужо школьнага, этапу ў іх жыцці. Доўга падарунак хлопчык не разглядае, тут жа на камеру дэманструе тое, што знаходзіцца ў важкім ранцы.

Усяго ж партфелі сёння атрымалі больш за 300 юных жыхароў Жодзіна. Такім чынам завод па выпуску аўтавеліканаў падтрымаў тых бацькоў, чые дзеці ідуць у першы клас. І гэта ўжо пятая акцыя.

У сталіцы першыя ў жыцці партфелі з рук любімых казачных герояў атрымалі больш за сотню дзяцей са шматдзетных сем'яў.

Дарэчы, сабраць партфель першакласнікам сёння дапамагаюць і неабыякавыя беларусы. Ва ўсіх буйных універмагах краіны ёсць спецыяльныя кошыкі ў канцылярскіх аддзелах, куды кожны можа пакласці ручку або сшытак.

Сёлета 110 тысяч юных беларусаў упершыню пачуюць школьны званок. Прагучыць ён па традыцыі ў Дзень ведаў у 9 раніцы. У пятніцу пройдуць і першыя ўрокі. І гэта будзе своеасаблівая размінка перад навучальным годам. Бо дзякуючы выхадным летнія канікулы прадоўжацца да 4 верасня.