У Жыткавічах выязны прыём грамадзян правёў Максім Рыжанкоў

21 сентября 2017

Ад добраўпарадкавання населеных пунктаў да развіцця спорту і турызму ў палескай глыбінцы.

У Жыткавічах сёння выязны прыём грамадзян правёў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Максім Рыжанкоў. Некаторыя пытанні вырашаліся адразу падчас гутаркі. Напрыклад, просьба дырэктара мясцовай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы вярнуць гіравы спорт у расклад заняткаў, па словах Максіма Рыжанкова, будзе вырашана станоўча на працягу тыдня. Таксама намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта адзначыў, што сельскія выканаўчыя камітэты павінны больш актыўна працаваць з насельніцтвам, задзейнічаць мясцовых жыхароў у працэс вырашэння праблем.

Максім Рыжанкоў, першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі: "Сельскія пасялковыя саветы не заўсёды маюць нейкі далягляд і разуменне, як можна пытанні вырашыць і дзесьці атрымаць дапамогу ад раённай вертыкалі, задзейнічаць у вырашэнні пытанняў саміх грамадзян. Ды і грамадзяне не заўсёды разумеюць, што яны таксама павінны нешта рабіць і толькі спадзяюцца на нейкую дапамогу раённай, абласной вертыкалі. Аказваецца, калі разам сабраць нейкія дадатковыя рэсурсы, дзесьці задзейнічаць мясцовыя грамадскія арганізацыі, то ўвогуле справы ўсе рухаюцца".

У Жыткавіцкім раёне Максім Рыжанкоў наведаў Тураўскі малочны камбінат, базу адпачынку і дзіцячы сад - базавую школу. Заўтра ён правядзе прыём грамадзян у Петрыкаўскім райвыканкаме.