Па загінуўшых у тэрактах у Парыжы працягвае смуткаваць увесь свет. У будынку французскага пасольства ў Мінску сёння адкрылася Кніга спачуванняў. Словы падтрымкі і смутку з самай раніцы тут пакідаюць беларусы. Неабыякавыя да трагедыі прадстаўнікі ўлады, палітыкі, спартсмены. Словы спагады ў Кнізе спачуванняў пакінуў і міністр замежных спраў Уладзімір Макей. За мінулыя дні ў пасольстве прынялі сотні званкоў са словамі падтрымкі.
Дамінік Газюі, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Францыі ў Беларусі: "Я бачу, што беларусы глыбока спачуваюць Францыі. Я была тут і ў выхадныя. Гэта шмат кветак. Я магу сказаць, што гэта глыбокая спагада. І, вядома ж, мы не павінны саступіць страху. Таму што менавіта гэтага жадаюць тэрарысты. Мы будзем моцнымі. Мы будзем працягваць жыць".
Беларусы прыходзяць да пасольства, каб раздзяліць гора з французамі, прыносяць кветкі і запальваюць свечкі, моляцца за тых, хто быў паранены і дагэтуль змагаецца за жыццё.













