У Заслаўі супрацоўнікі абласнога МНС разам з ДАІ Мінскага раёна праверылі вадзіцеляў на веданне правіл

11 июля 2019

Па вуліцах горада на навучальны выклік праехаў экіпаж ратавальнікаў на аварыйным спецтранспарце ў суправаджэнні патрульнай машыны аўтаінспекцыі. Тых, хто не саступаў дарогу, спынялі для прафілактычнай размовы. З падрабязнасцямі наш карэспандэнт Ілья Цвяткоў.

Ад таго, як хутка экіпаж пажарнай службы паспее прыбыць на месца, напроста залежыць жыццё, а часам і не адно. Асобных палос на дарогах для спецтранспарту няма – машыны ратавальнікаў імчацца на дапамогу ў агульным патоку. Згодна з правіламі, саступаць дарогу аўтамабілям аварыйных службаў трэба ў абавязковым парадку.

Умоўны выклік паступіў, і зараз ратавальнікам трэба дзейнічаць вельмі хутка. На рэагаванне часу зусім няшмат. І зараз разлік такі: шэсцьдзясят секунд на зборы, а далей кіламетр за адну хвіліну.

Звычайна на светлавы ці гукавы сігнал вадзіцелі рэагуюць своечасовa. Ды ўсё ж часам некаторыя аўтааматары не спяшаюцца саступаць дарогу.

Сумнявацца на дарозе нельга. Трэба дзейнічаць упэўнена, каб пазбегнуць аварыйных сітуацый. Бо тармазны шлях аўтамабіля пажарнай службы нават пры хуткасці шэсцьдзясят кіламетраў за гадзіну – не менш за пяць метраў. 

Такія акцыі праводзяць некалькі разоў на год. ДАІ нагадвае вадзіцелям: штраф за такое парушэнне - ад пяцідзесяці аднаго да двухсот пяцідзесяці рублёў. Магчымае нават пазбаўленне правоў - да аднаго года.