У XXI стагоддзі, каб зрэзаць аварыйнае дрэва, трэба прайсці не адну інстанцыю

4 марта 2014

У вёсцы Бобрык Пінскага раёна вось ужо некалькі гадоў востра стаіць пытанне наконт небяспечных трухлявых дрэў. На адной з вуліц старыя таполі ў любы момант могуць упасці на жылую хату. А калі непагадзь, сухія галінкі і зусім дакранаюцца да ліній электраперадачы і падаюць прама на дарогу. Аб праблеме ведаюць і мясцовыя ўлады, але дагэтуль пытанне не зрушылася з мёртвага пункта. Хто ж за гэта адказвае, высвятляла Вікторыя Патоня.


Перасягнуўшы 80-гадовую мяжу, Соф'я Гук яшчэ не выпускае з рук верацяно. Вось толькі не хапае сіл у адзінокай жанчыны на барацьбу з такімі суседзямі. Дзве старыя таполі могуць упасці на яе хату.


Такія дрэвы раслі ўздоўж усёй вуліцы вёскі Бобрык. У сярэдзіне мінулага стагоддзя іх пасадзілі школьнікі. Некалькі гадоў таму практычна ўсе аварыйныя таполі-старажылы спілавалі. А гэтая парачка чамусьці засталася.


Паўвекавыя таполі асабліва трывожаць жыхароў вёскі, калі дзьме моцны вецер. Сухія галінкі закранаюць лініі электраперадачы, а таксама звісаюць прама над дарогай так, што праходзіць або праязджаць тут небяспечна.


Самі мясцовыя жыхары дрэвы зрэзаць не могуць. Па-першае, патрэбны дазвол, а па-другое, без спецтэхнікі тут не абысціся. З просьбай ліквідаваць аварыйныя таполі людзі ў сельвыканкам звярталіся не раз.


Аб праблеме ведаюць мясцовыя ўлады і энергетыкі. Апошнія маюць ліцэнзію толькі на абразанне галінак, якія перашкаджаюць правадам. У сельвыканкаме ж гавораць: знесці дрэва - задавальненне дарагое, трэба каля 2 мільёнаў.


А ў гэты час мясцовыя жыхары не перастаюць здзіўляцца: у XXI стагоддзі, каб зрэзаць аварыйнае дрэва, трэба прайсці не адну інстанцыю. Ды і сухія таполі могуць проста не выстаяць.