У Вязынцы адзначылі народнае свята "Багач"

5 октября 2016

Свята апошняга снапа - народнае свята "Багач" - адзначылі ў Вязынцы, побач з літаратурным музеем Янкі Купалы. Спевы, аўтэнтычныя танцы і вясковыя забавы - сялянскі фэст сабраў аматараў беларускіх традыцый. А народныя ўмельцы прапанавалі частавацца хлебам новага ўраджаю і гарбатай з лясных траў. З народнымі звычаямі пазнаёміўся і Ян Пашкевіч.

Звонкімі дзявочымі спевамі, як і стагоддзі таму, у Вязынцы сустракалі «Багача» - галоўны сімвал заканчэння ўборачнай. Невялікая лубка з зернем, намалочаным з самага першага снапа, спрадвечна лічылася абярэгам новага ўраджаю. Жменю зерня кладзе кожны ўдзельнік свята – згодна з павер’ем, наступны год абавязкова аддзячыць за гэта багаццем і шчодрасцю.

Свята ўраджаю ладзілі побач з літаратурным музеем Янкі Купалы. Тут разгарнуліся творчыя майстэрні, кірмаш і вялікая арт-прастора. У мастацкіх гуртках з рознакаляровага лісця спляталі этнакапелюшы, а тэмп і рытм святу задавалі меладычныя гукі цымбалаў і беларускай дуды.

«Багач» - свята шчодрае. Гасцей частавалі хлебам і духмянымі булкамі з мёдам і сметанковым маслам.

Сваё свята на “Багач” ладзілі і дзеці, толькі калі для дарослых радасцю было зерне, то малыя знаходзілі найлепшую забаву ў сене - рабілі з яго цацкі, або цэлыя інтэрактыўныя зоны.

Водар дзясяткаў траў і кіпень з самавара, які літаральна танцаваў на агні, - на практычныя заняткі па этыкеце старажытнабеларускай чайнай цырымоніі запрашала Юлія Ліцвінава. Сіроп з журавін, бярозавік і малінавы квас - майстар народных рамёстваў добра ведае не толькі рэцэпты прабабак, але і прапаноўвае новыя «букеты» травяных напояў. Зёлкі збірае сама выключна ў лесе.

Традыцыйна святам «Багач» у старажытныя часы заканчваўся працоўны сезон. Свечка ж у кошыку з зернем нагадвала, што зусім хутка сонечнае святло заменяць палымнеючыя агеньчыкі.

Свята ўраджаю штогод адраджаюць у Мінскай вобласці. Традыцыі ўшанавання хлеба перадаюць праз пакаленні.