У ВНУ Беларусі сёлета на бюджэт залічаць больш 26,5 тысячы чалавек

10 мая 2019
Дадатковы шанец стаць студэнтам будзе ў тых, хто пажадае звязаць сваё жыццё з ІТ, медыцынай. Ва Універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі будуць абараняць звесткі па новых стандартах. Лічбавізацыя закранула і найстарэйшы факультэт БДУ. Як з новага навучальнага года будуць рыхтаваць спецыялістаў на дзённым аддзяленні і ў магістратуры? Навіны ўступнай кампаніі ў рэпартажы Наталлі Тарасюк.

Вучыць абараняць інфармацыю па стандарце пакаленне 3+ у БДУІРы будуць з верасня. На новую спецыяльнасць "інфармацыйная бяспека" ў магістратуру набяруць каля 20 чалавек. 

Уся мадэль магістарскай падрыхтоўкі зменіцца з гэтага года. Зараз на другой ступені вышэйшай адукацыі будуць рыхтаваць навукова-арыентаваныя кадры пад інавацыйныя, канструктарскія распрацоўкі і педагагічную дзейнасць. А студэнтаў-завочнікаў стане менш. 

БДУІР прыме каля 3,5 тысячы першакурснікаў. Гэта амаль на 300 студэнтаў больш, чым у 2018. На ваенным факультэце з верасня будуць упершыню вучыцца 4 дзяўчыны. 

Новы інфармацыйны этап восенню пачнецца і ў БДУ. Адзін з найстарэйшых факультэтаў ВНУ змяніў назву. На "геаграфіі і геаінфарматыцы" чакаюць 141 студэнта. Зменіцца не толькі шыльда, але і адукацыйнае начынне. Абновяцца навучальныя планы. З новага навучальнага года адчыніць свае дзверы і першы Беларуска-кітайскі ўніверсітэт.

Вучыцца студэнты будуць 4 гады. На выбар 4 спецыяльнасці - "сусветная эканоміка", "прыкладная фізіка", "механіка" і "матэматычнае мадэляванне".

У ВНУ Беларусі сёлета на бюджэт залічаць больш 26,5 тысячы чалавек. На платнае - 28 тысяч. Прымаць дакументы будуць 49 ВНУ. Па выніках уступнай кампаніі на студэнцкі білет беларускіх універсітэтаў могуць разлічваць амаль 55 тысяч выпускнікоў. Гэта больш за план прыёму 2018.

Дадатковы шанец у параўнанні з 2018 паступіць на бюджэт у медыцынскі ўніверсітэт будзе ў 85 абітурыентаў. Набор вырас на спецыяльнасці "педыятрыя", "медыка-прафілактычная справа" і "фармацыя". А вось платных месцаў стане менш - прымуць усяго 295 чалавек. У выпускнікоў яшчэ ёсць час, каб канчаткова вызначыцца з будучай прафесіяй і падцягнуць веды. ВНУ пачнуць прымаць дакументы 12 ліпеня.