У Валожынскім раёне прайшоў моладзевы фестываль "Алімпія"

27 августа 2016

Адказнасць перад грамадствам - асноўнае патрабаванне для тых, хто мае намер стаць кіраўніком або заняць месца ў парламенце. Такое меркаванне напярэдадні выказаў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Бузоўскі, размаўляючы з удзельнікамі моладзевага фестывалю "Алімпія". У рамках спартыўнага свята адбыўся адкрыты дыялог - палітыкі, эксперты і маладыя людзі актыўна абмяркоўвалі нюансы выбарчай кампаніі, што праходзіць у краіне, востра дыскутавалі на тэму адказнасці тых, хто вылучае сябе ў вышэйшы заканадаўчы орган краіны. Лагер "Алімпія" ўжо 12 раз традыцыйна разбіў палаткі ў Валожынскім раёне на беразе ракі Іслач. Улада Карніцкая - з падрабязнасцямі.

Да гэтай падзеі яны рыхтаваліся мінімум паўгода. Паўтысячы юнакоў і дзяўчат разбілі палатачны гарадок пад Мінскам. Усе яны на 3 дні сталі сапернікамі. А напярэдадні гэты спартыўны фестываль сімвалічным запальваннем агню адкрыў сярэбраны прызёр летняй Алімпіяды Вадзім Стральцоў.

У гэты ж час у неба ўзляцеў паветраны шар. Пасля стала зразумела, тут ёсць месца і палітыцы. Якая ідэалогія найбольш запатрабаваная новым пакаленнем, як не дапусціць росту папулярнасці экстрэмісцкіх груповак і нават нюансы заканадаўства - гэтыя тэмы сталі асноўнымі на адкрытым дыялогу на беразе ракі Іслач. Гэтым разам ужо па традыцыі юнакі і дзяўчаты некалькі гадзін выказвалі свае думкі і ідэі. А апаненты ў дэбатах - прадстаўнікі Адміністрацыі Прэзідэнта, сродкаў масавай інфармацыі, знакамітыя спартсмены і дзеячы культуры.

Ігар Бузоўскі, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі:

"Стаўка на моладзь у Рэспубліцы Беларусь не проста апраўдвае сябе. Ёсць канкрэтныя вынікі ў моладзевай палітыцы і сацыяльнай палітыцы, у спорце. Мы гэта бачым, у тым ліку па выніках алімпіяднікаў, якія заваёўваюць на міжнароднай арэне ў рамках сістэмы адукацыі перамогі".

Сам праект, ідэйны натхняльнік якога Саюз моладзі, у нашай краіне праходзіць з 2014 года, а напярэдадні парламенцкіх выбараў набыў новае дыханне.

Дарэчы, адна з ідэй, якая прагучала тут, - стварыць клуб "Адкрыты дыялог". Бо праект ужо даўно перарос у сапраўдны рух і стаў генератарам канструктыўных моладзевых думак.

Сяргей Клішэвіч, другі сакратар ЦК БРСМ:

"Прагучала ідэя, каб стварыць фабрыку думкі, каб аб'ядноўваць маладых людзей, аналітыкаў, тых, хто зможа сёння не проста ўдзельнічаць у нейкіх мерапрыемствах, а зможа далей рухаць, у тым ліку і беларускую навуку, і беларускі рух, у тым ліку і моладзевы, па ўсіх кірунках".

Па традыцыі на фестывалі збіраецца самая крэатыўная і таленавітая моладзь. Сёлета за званне лепшай змагаюцца 20 каманд. Сярод іх - каманда Міністэрства інфармацыі.

Аляксандр Харавец, спецыяльны карэспандэнт Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі:

"Гэта пляцоўка аб'ядноўвае людзей розных інтарэсаў, розных жыццёвых поглядаў для таго, каб урэшце яшчэ больш уз'яднацца, згуртавацца і рабіць тое, што добра ўмеем рабіць - гэта вялікую і дружную Беларусь".

Ільвіную долю балаў удзельнікі фестывалю зарабляюць менавіта на спартыўных спаборніцтвах - футбол, валейбол, дартс, перацягванне каната. Праграма фестывалю насычана максімальна.

Нягледзячы на 30-градусную спякоту каманды спаборнічалі да апошняга. Ужо пасля спаборніцтваў і гарачых спрэчак на спартыўных пляцоўках кожны змог асвяжыцца. Вось такі фантан арганізавалі ратавальнікі і гэта толькі частка паказу аднаго з лагераў. Да традыцыйнага конкурсу "Абарона лагера" моладзь рыхтуецца загадзя - хтосьці здзіўляе творчымі нумарамі, а хтосьці кулінарнымі здольнасцямі.

Каманда-пераможца моладзевага фестывалю стане вядомая ўжо заўтра. Але, гавораць алімпійцы, як бы банальна не гучала - тут сапраўды галоўнае не перамога, а тое, што кожны з гэтых маладых людзей, разважаючы, як правесці гэтыя выхадныя, зрабіў выбар на карысць спорту і добрага настрою.