У вадаёмы Мінскай вобласці гэтай восенню выпусцілі пяць з паловай тон рыбы

24 октября 2017

Сом, карп, амур. Так званае зарыбленне праводзяць двойчы на год. Каб улоў быў добрым, падводных жыхароў запускаюць у самыя папулярныя сярод рыбакоў вадаёмы. Так, у Заслаўскае вадасховішча засялілі каля 7 тысяч шчупакоў. Дзе самыя багатыя месцы для рыбалкі, раскажа Аляксандра Кавеліч.

Па добры ўлоў на Мінскае мора аматары рыбалкі прыязджаюць незалежна ад сезона. Вялікі вадаём багаты на шчупака, акуня і судака. А каб рыбка вялікая і маленькая лавілася тут круглы год, восенню і вясной у вадасховішча засяляюць новых жыхароў.

Сом, карп, амур, а сёння шчупак. Больш за дзве з паловай тоны карыснай рыбы выпусцілі ў Мінскае мора. У хуткім часе «навасельцы» падрастуць і гэтая лічба значна павялічыцца.

Дарэчы, у новы дом падводных насельнікаў запускаюць не толькі з берага. Каб у будучым рыбалка была максімальна удалай, шчупака развозяць па ўсёй вялікай акваторыі. Такі маршрут можа складаць некалькі кіламетраў.

Дапамагаюць у гэтай справе рыбакі-аматары. Валерый Міхалевіч далучыўся да каманды валанцёраў упершыню. Па шчупака і карпа нярэдка адпраўляецца менавіта на Заслаўскае вадасховішча, таму зараз фактычна «інвесціруе» ў будучы багаты ўлоў.

Выконваць пэўныя правілы рыбакам прыйдзецца адразу пасля зарыблення. Першы час шчупак будзе прывыкаць да новага месца, таму адлоў часова забаронены.

Добры ўлоў вясной будзе чакаць і рыбакоў Дзяржынскага, а таксама Валожынскага раёнаў - там вадаёмы папоўнілі больш за 2 тоны шчупакоў, карпаў і амураў.