У Віцебскай вобласці ў перадсвяточныя дні працуюць 200 ёлачных кірмашоў

28 декабря 2019
Леснікі сцвярджаюць, што калі за акном адсутнічае снег, духмяная ёлка - добры спосаб стварыць навагодні настрой і адчуць набліжэнне свята. Сёлета ў паўночным рэгіёне плануюць рэалізаваць 50 тысяч ёлак і сосен. Ёсць у асартыменце гандлёвых пунктаў і модныя навагоднія дрэвы ў кадках. 

Вольга Маслоўская адправілася па сваю ялінку. Роўныя радкі цёмна-зялёнай ігліцы. На плантацыі навагодніх елак у Сенненскім раёне ідзе нарыхтоўка дрэў. На апошнія выхадныя года традыцыйна даводзіцца ажыятажны попыт на духмяны сімвал свята. Усяго тут плануюць прадаць не менш за 4 тысячы дрэў.

Нарыхтоўка елак ідзе ўручную. Пілуюць дрэвы, якім не менш за пяць гадоў. Самыя папулярныя мадэлі гэтага года - вось такія пушыстыя ялінкі не вышэйшыя за два метры. Вырашчаных на продаж навагодніх дрэў хопіць усім, запэўніваюць леснікі. Выбраць адно дрэва на амаль дзвюх сотнях кірмашоў цяжкасцей не складзе. А вось адправіцца ў лес самастойна за елкай ці сасной спецыялісты не раяць. Казачнае падарожжа можа закончыцца зусім не святочна. 

На трасах вобласці працуюць навагоднія патрулі. Спыняюць аўтамабілі, просяць прад'явіць чэк на елку. Сёлета пакуль без парушэнняў. Па навагоднія дрэвы і добры настрой леснікі запрашаюць на елачныя кірмашы. Прадаваць дрэвы дапамагаюць казачныя героі. Кошт вагаецца ад 10 да 20 рублёў. Сям'я Кандрацьевых па навагоднюю елку прыехала ўсім складам. Выбар лясной прыгажуні даверылі дачцэ.

Другі год запар лясніцтвы рэалізуюць навагоднія дрэвы ў кадках. Калі і пасля Новага года за акном будзе плюс, высадзіць такое дрэва можна не чакаючы вясны.