У Віцебскай вобласці праходзяць ваенна-патрыятычныя квэст-гульні

19 апреля 2015

У музеях Віцебскай вобласці напярэдадні юбілею Перамогі праходзяць ваенна-патрыятычныя квэст-гульні для школьнікаў і студэнтаў. Пасля экскурсіі камандам прапаноўваецца замацаваць гістарычны матэрыял, разгадаўшы цэлую серыю рэбусаў і лагічных галаваломак.

У гістарычным дэтэктыве прыняла ўдзел і Вольга Маслоўская. Звычайны паход у музей становіцца сапраўднай прыгодай. Ваенны дэтэктыў, або квэст-гульня, сёння ў Віцебскім абласным музеі імя Міная Шмырова.

У музеі тры залы распавядаюць пра партызанскі рух у віцебскім рэгіёне. Экскурсанты ведаюць: кожны прыведзены факт можа стаць ключом да разгадкі.

Тэрыторыю дзейнасці брыгады Міная Шмырова нямецкія акупанты абвясцілі зонай партызан і неаднаразова беспаспяхова спрабавалі яе ліквідаваць. Прымусіць скласці зброю хацелі шантажом: карнікі арыштавалі і пазней расстралялі чацвярых дзяцей партызанскага камандзіра. Бацька Мінай - так звалі Шмырова партызаны - быў удастоены звання Героя Савецкага Саюза.

Знайсці на форме савецкага салдата элемент, якога не хапае, або назваць першы партызанскі атрад у Віцебскай вобласці. Правільны адказ на кожнае пытанне робіць каманду на крок бліжэй да разгадкі ключавога слова.

А для тых, хто хоча самастойна вывучыць экспазіцыю музея, распрацаваная гульня "Партызанскімі сцежкамі". Заданні пабудаваныя такім чынам, што знаёмства з экспанатамі складаецца ў лагічны ланцужок гістарычных фактаў і падзей. Стаць удзельнікам гістарычнага інтэрактыву можна не толькі ў музеях абласнога цэнтра.

Квэст-гульні прыйдуць у раённыя і нават школьныя экспазіцыі.