У Віцебскай вобласці балельшчыкаў сустракаюць у пунктах пропуску - "Урбаны" і "Грыгароўшчына"

18 июня 2019

У Беларусь працягваюць прыбываць госці і ўдзельнікі II Еўрапейскіх гульняў. Паводле апошніх звестак, у нашу краіну ўжо заехалі 1400 іншаземцаў, з іх  амаль 750 - гэта балельшчыкі. Больш за ўсё з Польшчы - амаль 250 чалавек. На другім і трэцім месцах  грамадзяне Латвіі і Літвы. У Віцебскай вобласці балельшчыкаў сустракаюць у двух аўтадарожных пунктах пропуску - "Урбаны" і "Грыгароўшчына". На апошнім за працай служб назірала наш карэспандэнт Вольга Маслоўская.

Міжнародны пункт пропуску "Грыгароўшчына". Праз яго пралягае самы кароткі аўтамабільны маршрут са сталіцы Латвіі Рыгі да сталіцы II  Еўрапейскіх гульняў Мінска. Прапускная здольнасць - 600 аўтамабіляў за суткі ў абодва бакі. Госці і ўдзельнікі спартыўнага форуму на мяжы праводзяць рэкордна кароткі час. 

15 хвілін - менавіта столькі патрэбна для праходжання пагранічнага і мытнага кантролю. Для балельшчыкаў і ўдзельнікаў будучага форуму прадугледжаны асобныя калідоры: па два з пяці як на ўезд у краіну, так і на выезд. 

Уладзімір Пальчэх, начальнік мытнага паста "Бігосава" Віцебскай мытні: "Прынятыя меры па спрашчэнні ажыццяўлення мытных аперацый. Балельшчык або ўдзельнік дае пашпарт і тэхпашпарт на аўтамабіль, мытнік уносіць звесткі, раздрукоўвае бланкі мытнай дэкларацыі, дае асобе падпісацца. Таму да мінімуму зведзены дзеянні асоб. Усё зроблена для таго, каб удзельнікі і балельшчыкі, якія прыязджаюць у нашу краіну і знаходзяцца ў гэтым пункце пропуску, адчувалі сябе камфортна, праходзілі гэтую мяжу максімальна хутка".

Праз пункты пропуску Віцебскай мытні па білетах на II  Еўрапейскія гульні ўжо прыбыло каля сотні турыстаў. Сям'я Лахціёнавых з латвійскага прыгранічнага пасёлка Семешкі едуць транзітам праз Беларусь. На Гульні не трапляюць, але магчымасць правесці дзень у святочным Мінску не прапусцяць. 

Гасцей будучай спартыўнай падзеі сустракаюць валанцёры. Ад іх балельшчыкі атрымліваюць даведнік з падрабязнай праграмай Гульняў і інфармацыяй аб тым, як з карысцю правесці час у Беларусі. 

Чым бліжэй адкрыццё II  Еўрапейскіх гульняў, тым большы паток гасцей з білетамі на спартыўныя мерапрыемствы чакаюць на мяжы. Абяцаюць, што аператыўнасць працы служб застанецца нязменнай.