У Віцебску ўручылі рэгіянальную прэмію імя Героя Савецкага Саюза Зінаіды Тусналобавай-Марчанкі

17 октября 2015

Усяго яе лаўрэатамі сталі ўжо больш за 400 жанчын. Яшчэ паўтысячы ўзнагароджаны ордэнам Маці. З самым маладым кавалерам ордэна Маці ў Віцебскай вобласці пазнаёмілася Юлія Усцінава.

Алене Гарнак – 26. Яна самая маладая ў рэгіёне кавалер ордэна Маці. Вось такая сціплая, прыгожая – матуля двух хлопчыкаў і трох дзяўчынак.

Віктар і Эвеліна – ужо школьнікі, вучні трэцяга і другога класаў Бабініцкай сярэдняй школы. Як і належыць старэйшым у сям'і – сур'ёзныя і адказныя.

Пакуль Віця з Эвелінай асвойваюць школьную праграму, сярэднія - пагодкі Ксенія і Віялета - бавяць час у дзіцячым садку. Малодшы Стасік дома. Вечарам збіраюцца ўсе разам. Пакуль тата-вадзіцель ў рэйсе, вялікаму сямейству дапамагае бабуля. Яна сама – маці чатырох дзяцей, а ўнукаў у яе дзевяць. Спрытны Віця, адказная Эвеліна, маміна памочніца Віялета, лідар Ксюша і маленькі Стасік. У маладой маці для кожнага знаходзіцца час і добрае слова. А вось суседкі прызнаюцца, што для іх сям’я Алёны – як прыклад сапраўднага шчасця.

Алена і Валерый самі са шматдзетных сем’яў. Не па чутках ведаюць пра цяжкасці, але ж яны іх не палохаюць. Разам спраўляюцца з усім.

Адзін раз на год Віцебскі абласны выканаўчы камітэт напаўняецца дзіцячымі галасамі. 14 кастрычніка сюды запрашаюць хлопчыкаў і дзяўчынак з іх матулямі. Матулямі, якія прысвяцілі сваё жыццё дзецям.

Урачысты момант. Працу маці адзначаюць высокімі ўзнагародамі. Віцебскі аблвыканкам прысуджае жанчынам-маці рэгіянальную прэмію імя Героя Савецкага Саюза Зінаіды Тусналобавай-Марчанкі. Ушаноўваюць 25 новых лаўрэатаў. Яшчэ 6 жанчын, якія нарадзілі і годна выхавалі пецярых і больш дзяцей, удастоены ордэна Маці.

А вялікая сям'я Гарнак закладвае падмурак новага дома, дзе ў кожнага будзе свой пакой. Пабудавалі яго з дзяржаўнай падтрымкай, зараз разлічваюць на свае сілы. Бацька працуе. Маці вядзе гаспадарку. У гэтым доме заўсёды камфортна і ўтульна, бо тут пануюць любоў і ўзаемаразуменне.