У Віцебску стартавалі сумесныя вучэнні дэсантнікаў Беларусі і Расіі

29 марта 2017

У манеўрах у поўным складзе задзейнічана брыгада ад сіл спецыяльных аперацый нашай краіны і парашутна-дэсантная рота ад Расійскай Федэрацыі. Таксама ў склад расійскага кантынгенту ўвайшоў разведвальны ўзвод, інжынерна-сапёрнае аддзяленне і падраздзяленне сувязі. Падчас двухтыднёвай трэніроўкі блакітныя берэты асноўны ўпор зробяць на адпрацоўцы контрдыверсійных задач. Дынаміка манеўраў прадугледжвае перамяшчэнні як з выкарыстаннем аўтамабільнага транспарту і бранятэхнікі, так і дэсантаванне з верталётаў і самалёта Іл-76.

Вадзім Дзенісенка, камандуючы сіламі спецаперацый Узброеных Сіл Беларусі: "Вучэнні спланаваныя нестандартна, мы пайшлі за межы палігонаў, і на палігоне мы будзем праводзіць толькі заключны этап. А так вучэнні спланаваныя ў сямі раёнах Віцебскай вобласці, пачнем з раёна Чашнікаў, былы палігон Дрэтунь, Бешанковічы, Лёзна. Іванаўцы дэсантаваліся тут у 2009 годзе на сумесных стратэгічных вучэннях, але ў іх знаходжанне на Беларусі было наступным: дэсантаванне, пагрузка на эшалон і адпраўленне. Зараз мы зможам для расійскага боку паказаць, што сабой уяўляе Віцебшчына, яе прыгажосць, багацце гэтага краю і складанасць мясцовасці".

У вучэннях дэсантнікаў дзвюх краін таксама задзейнічаныя падраздзяленні ўнутраных войскаў Беларусі. Паводле легенды, сумеснымі дзеяннямі ім трэба будзе блакіраваць непрыяцеля, праводзіць надгляды, а таксама знішчаць групы незаконных узброеных фарміраванняў.