Другі тыдзень склад часовага захоўвання ў Віцебску ўпрыгожвае аўтамабіль "Перамога" 1952 года выпуску. Лёс рэтрамашыны не можа вырашыць яе ўладальнік і калекцыянер даўніны з Сенненскага раёна. Грамадзянін Украіны, ён 7 гадоў жыве ў Беларусі. А свой рарытэтны аўтамабіль вырашыў перагнаць на пастаяннае месца жыхарства толькі зараз. Згодна з законам, які дзейнічае на тэрыторыі Еўразійскага эканамічнага саюза, ён абавязаны растаможыць "ластаўку". Гаворка ідзе аб выплаце плацяжу ў некалькі тысяч еўра. Такіх грошай у калекцыянера няма. Далейшым лёсам гонару савецкага аўтапрама зацікавілася Вольга Маслоўская.
Cтарымі аўтамабілямі Мікалай Маханькоў захапляецца шмат гадоў. У калекцыі з дзясятак "ластавак" родам з першай паловы мінулага стагоддзя. У гаражы - "опель" 36-га года выпуску і "Перамога", якая сышла з канвеера ў 49-м. Ва Украіне, адкуль калекцыянер пераехаў 7 гадоў таму, засталіся яшчэ некалькі рарытэтаў.
Адзін з экспанатаў сваёй пакуль падзеленай калекцыі Мікалай нядаўна прыгнаў з Данецкай вобласці. Даглядаць машыны там проста няма каму. "Перамога" М-20 з паломкамі, але даімчала гаспадара да Віцебска. Аўтааматар сваімі рукамі рыхтаваў машыну ў далёкі шлях, а вось пра юрыдычны бок пытання не падумаў.
Мікалай Маханькоў, калекцыянер:
"Я, згодна з законам, паставіў яе на растаможку. Мне сказалі, што поўная растаможка - дзесьці 10 тысяч еўра. У мяне такіх грошай няма. Гэта машына ў мяне ўжо 14 гадоў. Я купляў яе на Украіне, сваімі рукамі рабіў. А зараз атрымліваецца, што яна не мая".
Генадзь Кажарскі, намеснік начальніка Віцебскай мытні па ідэалагічнай працы:
"Супрацоўнікі мытні ў дадзеным выпадку кіруюцца заканадаўствам Еўразійскага эканамічнага саюза. Асобы, якія переселяюцца на ПМЖ у Беларусь, маюць права на працягу 18 месяцаў з моманту атрымання пасведчання на права жыхарства ўвозіць свае асабістыя рэчы без выплаты плацяжоў. У дадзеным выпадку гэты тэрмін перавышаны".
Калі калекцыянер не знойдзе патрэбнай сумы для выплаты мытных плацяжоў, яму прыйдзецца перагнаць аўтамабіль назад ва Украіну. Пакуль жа "Перамога" ўпрыгожвае склад.
Навіна пра тое, што на складзе часовага захоўвання знаходзіцца сапраўдны рарытэт, абляцела аўтааматараў. Сюды спецыяльна прыязджаюць, каб паглядзець на "Перамогу", якая, нягледзячы на свой узрост - машыне 64 гады - усё яшчэ на хаду.
Гэта адзін з першых серыйных аўтамабіляў савецкага аўтапрама. Спецыялісты называюць яго легендарным, і гавораць, што сустрэць такую машыну на хаду - вялікі поспех.
Яўген Смольскі, старшыня Віцебскага абласнога культурна-гістарычнага клуба "Аўтавіцязь":
"Гэта легендарны аўтамабіль. На яго аснове было шмат іншых. Ён здымаўся ў кіно. Трэба думаць, як захаваць гісторыю, данесці да людзей, каб мы не на малюнках глядзелі, разглядалі і цяжка ўздыхалі, а каб мы маглі дакрануцца да гісторыі".
Калекцыянер з беларускай глыбінкі не страчвае надзеі. Збіраецца звярнуцца ў Міністэрства культуры.
Калі вырашаць, што яго "ластаўка" ўяўляе культурную каштоўнасць, аўтамабіль, абыходзячы растаможку, зможа застацца ў Беларусі.













